Тайская старана зацікавілася магчымасцямі Віцебскага аэрапорта
Тайская старана зацікавілася магчымасцямі Віцебскага аэрапорта. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў пасля сустрэчы афіцыйнай парламенцкай дэлегацыі Тайланда з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці і горада.
Як адзначыў старшыня аблсавета, сярод пытанняў, якія стрымліваюць развіццё сувязяў паміж Беларуссю і Тайландам, - адсутнасць прамых авіярэйсаў. "Адна з мэт, якую пераследуюць тайскія сябры, - вывучэнне лагістыкі. І ў першую чаргу іх цікавяць магчымасці нашага Віцебскага аэрапорта", - распавёў Уладзімір Цярэнтаў.
"Тайланд праяўляе цікавасць і да Віцебскай лікёра-гарэлачнай прадукцыі. Першая пробная партыя ўжо адпраўлена ў Тайланд, партнёраў задавальняе і якасць, і цана. Таму будзем спадзявацца, што ў гэтым напрамку ў нас будуць вялікія зрухі", - адзначыў ён. У ліку тавараў, перспектыўных для гандлю з Тайландам, Уладзімір Цярэнтаў назваў ільновалакно, трубную і прадукцыю дрэваапрацоўкі. "Думаю, што гэты візіт стане асновай развіцця эканамічных сувязяў паміж нашым рэгіёнам і Тайландам", - рэзюмаваў старшыня аблсавета. Парламенцкая дэлегацыя Тайланда наведвае Беларусь 25-29 чэрвеня. Сёння ў Віцебску, які святкуе чарговую гадавіну вызвалення ў гады Вялікай Айчыннай вайны, госці ўсклалі кветкі да манумента на плошчы Перамогі, пабывалі на экскурсіях, а таксама наведалі ААТ "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне".
Алена Ціханава - БЕЛТА.