Таямніцы мікрасвету адкрыюцца перад наведвальнікамі Прыродна-экалагічнага музея Полацка
У Прыродна-экалагічным музеі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка з'явіўся сучасны лічбавы мікраскоп. Як расказаў загадчык музеем Валерый Леснік, цяпер ва ўстанове распрацоўваюцца спецыяльныя праграмы, якія дазволяць наведвальнікам назіраць за рэальным жыццём мікрасвету.
Лічбавы мікраскоп Penta Viev Celestron павялічвае даследуемы аб'ект у 2,4 тыс. разоў і выводзіць выяву на LCD-экран. "Гэта абсталяванне дазваляе разгледзець найдрабнейшыя падрабязнасці навакольнага свету, і таму плануем выкарыстоўваць яго для спецыяльных заняткаў па біялогіі. Тэмы могуць быць самымі рознымі - "Жыццё ў кроплі вады" ці, да прыкладу, "Экалогія жылля" - тут можна будзе ўбачыць, хто жыве побач з чалавекам у дыванах, падушках, насельніць іншыя звыклыя прадметы побыту", - падзяліўся суразмоўца. Ён дадаў, што такога абсталявання няма ні ў адным іншым музеі рэгіёна. "Далёка не ўсе сусветныя музеі могуць пахваліцца апаратам такой магутнасці. Мікраскоп стаў самым значным падарункам, які музей атрымаў да свайго дзесяцігоддзя, адзначанага ў верасні бягучага года", - сказаў Валерый Леснік. Суразмоўца падкрэсліў, што музей развівае інтэрактыўныя метады працы. "Асноўная маса наведвальнікаў - дзеці, якія прыходзяць разам з бацькамі ў выхадныя ці наведваюць музей у складзе арганізаваных груп школьнікаў. Для актыўных "чамучак" музей падрыхтаваў спецыяльны гульнявы пуцеводнік па экспазіцыі "Калейдаскоп загадак і адкрыццяў".
Самыя ўважлівыя і эрудаваныя падарожнікі, якія выканалі заданні гульнявога шляху, атрымліваюць у узнагароду ад музея памятныя прызы", - адзначыў ён. Распрацаваны спецыяльныя праграмы "Восень у прыродзе", "Загадкі зімовага лесу", "Бяспечнае лета", якія насычаны візуальнымі вобразамі і гукамі прыроды. Акрамя гэтага ў натуралістаў ёсць магчымасць зазірнуць у "дамы" лясных насельнікаў. "Асаблівай папулярнасцю ў нашых наведвальнікаў карыстаецца "Дупло савы", якое мы збудавалі з кардону, але атрымалася вельмі натуральна. Не толькі дзеці, але і дарослыя з захапленнем запускаюць туды рукі і здабываюць мышэй, змей і іншыя "астаткі сняданку" птушынай драпежніцы", - распавёў кіраўнік музея. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік - музейнае аб'яднанне з усімі функцыямі, уласцівымі музею і музею-запаведніку. Ён мае рэспубліканскае значэнне і абласнае падпарадкаванне. У складзе 11 музеяў - Дзіцячы музей, Краязнаўчы музей, Музей беларускага кнігадрукавання, Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, Музей баявой славы, Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З.Туснолобовай-Марчанкі, Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Прыродна-экалагічны музей, Стацыянарная выстава "Прагулка па Ніжня-Пакроўскай", Мастацкая галерэя.
У 2010 годзе ў склад музея-запаведніка быў уключаны гісторыка-культурны комплекс "Поле воінскай славы", прысвечаны гісторыі Полацкага умацаванага раёна (размешчаны ў в. Гомель Полацкага раёна). Пад экспазіцыі асноўнай часткі музеяў прыстасаваны помнікі архітэктуры: Сафійскі сабор (сярэдзіна XI - сярэдзіна XVIII стагоддзя), Лютэранская кірха (1888 год), Брацкая школа (канец XVIII стагоддзя), жылыя дамы па вул. Вайсковая і вул. Ніжня-Пакроўскай (XIX - пачатак XX стагоддзя), Дамок Пятра I (1692 год), былы корпус езуіцкага калегіума (XVIII стагоддзе). Цікава, што Прыродна-экалагічны музей размешчаны ў будынку воданапорнай вежы. Агульная экспазіцыйная плошча ўсіх музеяў запаведніка складае каля 4 тыс. кв.м.
Алена Ціханава, БЕЛТА.