«Такія важныя падзеі не прапускаем» – на ўчастках для датэрміновага галасавання ў Віцебску было шматлюдна

«Такие важные события не пропускаем» – на участках для досрочного голосования в Витебске было многолюдно
У краіне стартавала датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы. На ўчастках для галасавання №2 і №3, размешчаных у сярэдняй школе №5 імя Героя Савецкага Саюза Г.І. Багамазава ў Кастрычніцкім раёне Віцебска, ужо ў першую гадзіну было шматлюдна.

На ганку школы чакалі адкрыцця ўчастка №3 сужэнцы Любашкавы:

– Быў вольны час, знаходзіліся побач па справах, вось і вырашылі прагаласаваць датэрмінова. Ніколі не прапускаем такую ​​важную палітычную падзею, каб нашы грошы – грошы падаткаплацельшчыкаў, якія ідуць на арганізацыю выбарчай кампаніі, не марнаваліся двойчы, на перавыбары. Лепш хай гэтыя сродкі пойдуць на іншыя патрэбныя мэты.

Барыс Іванавіч і Кацярына Сулаўна сур'ёзна падышлі да выбару кандыдатаў у дэпутаты, уважліва вывучылі біяграфіі. Для главы сям'і самы важны крытэр, з чаго чалавек пачынаў кар'еру:

– Калі з нізоў, значыць, сапраўды блізкі да простага народа і дакладна не будзе глядзець на яго праблемы звысоку.

Для Уладзіміра Дубінскага, які прыйшоў на ўчастак №3 следам за Любашкавымі, галоўнае ў кандыдаце – яго асабістыя якасці:

– Як вызначаю, што чалавек добры? Гляджу на фота, а дакладней на вочы. Нездарма ж кажуць, што яны – люстэрка душы.

Уладзімір Мікалаевіч працуе ахоўнікам, да выбараў ставіцца адказна, таму і прыйшоў прагаласаваць датэрмінова.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання №3 Ала Ефрэменка з улікам досведу мінулых гадоў адзначае, што прагаласаваць загадзя прыходзіць большасць выбаршчыкаў:

– У нядзелю хтосьці працуе, у кагосьці ёсць планы пабыць з сям'ёй. Тыя, хто працуе ў першую змену, з'яўляюцца на ўчастак бліжэй да вечара, а хто ў другую, – спяшаюцца да моманту адкрыцця, каб паспець на працу.

 

На працягу тыдня камісія збірала заяўкі на арганізацыю галасавання на даму і будзе прымаць званкі аж да 18-й гадзіны 25 лютага. Сярод тых, да каго прыедуць на дом у адзіны дзень галасавання, у асноўным састарэлыя і людзі з інваліднасцю, якія не могуць дайсці да ўчастка, адзначыла Ала Ефрэменка.

Згодна з Выбарчым кодэксам грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, маюць права ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Такіх на ўчастку №3 усяго паўпрацэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Але выбіраць дэпутатаў у Нацыянальны сход яны не маюць права, адзначыла старшыня камісіі.

На суседнім участку №2 сустрэлі маладых людзей, якія галасавалі ўпершыню. Раман Машкевіч раней хадзіў на выбары з бацькамі, а сёння аддае голас самастойна:

– Чаму датэрмінова? Таму што ў нядзелю не атрымліваецца, працую.

Выбарчы дэбют сёння адбыўся ў Ільі Кухарчука, жыхара Мінскай вобласці, які праходзіць тэрміновую службу ў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе:

– Некаторых кандыдатаў у дэпутаты ведаю, зыходзячы з гэтага і выбіраў.

 

Маладыя людзі адзначылі, што для іх упершыню ўдзельнічаць у выбарах дастаткова цікава, пры гэтым вельмі хвалююча і адказна. На памяць аб гэтай падзеі яны атрымалі падарункавае выданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасавання з 20 па 24 лютага працуюць з 12 да 19 гадзін. А ў адзіны дзень галасавання, які ўпершыню пройдзе ў Беларусі 25 лютага, аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы можна будзе з 8 да 20 гадзін.