Мытнікі Беларусі і Расіі падпісалі мемарандум аб узаемадзеянні на час правядзення ЧС па хакеі

Мемарандум аб намерах паміж Федэральнай мытнай службай Расійскай Федэрацыі і Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь па пытаннях узаемадзеяння на перыяд правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў мэтах забеспячэння спрыяльных умоў для перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу тавараў і перасячэння яе фізічнымі асобамі падпісаны сёння ў Наваполацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў на выніковай прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня ДМК Беларусі Аляксандр Шпілеўскі, такім чынам мытныя службы на перыяд правядзення важнага для краіны спартыўнага мерапрыемства вызначылі кропкі ўзаемадзеяння. На працягу найбліжэйшага часу падобныя дакументы будуць падпісаны з іншымі краінамі - суседзямі Беларусі - Польшчай, Латвіяй, Украінай.

Кіраўнік Федэральнай мытнай службы Расіі Андрэй Бельянінаў дадаў, што мытнікі маюць вопыт сумеснай працы падчас правядзення маштабных міжнародных спаборніцтваў, напрыклад падчас чэмпіянату Еўропы па футболе 2012 года. Такая ж праца будзе праведзена падчас сусветнага хакейнага чэмпіянату ў Беларусі. "Мы нікому не даставім непрыемнасцяў", - запэўніў Андрэй Бельянінаў.

Пасяджэнне аб'яднанай калегіі мытных службаў дзяржаў - членаў Мытнага саюза і калегіі Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы прайшло сёння ў Наваполацку. Яно было прысвечана блоку пытанняў, якія тычацца ўдасканалення мытнага заканадаўства, што рэгламентуе парадак прадастаўлення папярэдняй інфармацыі, арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж мытнымі службамі Беларусі, Расіі і Казахстана, прымянення канвенцыі МДП пры перавозцы тавараў па тэрыторыі краін Мытнага саюза.

БЕЛТА