Мытня дае добра на форменныя кашулі з лёну

24 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ільняныя форменныя кашулі хутка могуць надзець супрацоўнікі беларускай мытні. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Леанід Дасаў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У якасці эксперыменту беларускія мытнікі закупілі тканіну Аршанскага ільнокамбіната і пашылі 200 форменных кашуль. Цяпер, па словах Леаніда Дасава, праходзяць іх "палявыя" выпрабаванні. У мытнікаў ёсць пажаданні да якасці тканін: неабходна папрацаваць у першую чаргу над яе структурай. Аднак ільняныя кашулі цалкам прыдатныя для мытнікаў. "Мытня дае добра на форменныя кашулі з лёну", - рэзюмаваў Леанід Дасаў. На яго думку, калі тэхнолагі ўлічаць патрабаванні мытнікаў, з лёну можна будзе шыць форменную вопратку і для іншых работнікаў праваахоўных службаў. "Гэта велізарны рынак, і над ім варта папрацаваць", - лічыць намеснік старшыні Дзяржпамежкамітэта. Збыт ільняных тканін па-ранейшаму застаецца вострай праблемай для Аршанскага ільнокамбіната. Па дадзеных камітэта эканомікі аблвыканкама, на сённяшні дзень тут назапасілася складскіх запасаў на Br66 млрд.-0-