Танец модерн зноў запануе ў Віцебску

17 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Танец модерн зноў запануе ў Віцебску разам з XXII Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі (IFMC). Адкрыццё аднаго з самых прэстыжных фестываляў харэаграфічнага мастацтва на тэрыторыі СНД адбудзецца 18 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Галоўнай падзеяй фестывалю з'яўляецца конкурс сучаснай харэаграфіі. Па традыцыі міжнародны конкурс чаргуецца з нацыянальным. Сёлета спаборнічаць будуць беларускія харэографы. З 17 прэтэндэнтаў у Віцебск запрошаны 9 калектываў з Мінска, Гродна і Віцебска. Журы конкурсу ўзначальвае яго нязменны старшыня народны артыст СССР і Беларусі, харэограф, прафесар акадэміі музыкі Беларусі Валянцін Елізар'еў. У склад журы таксама ўвайшлі такія вядомыя харэографы, як Дзітмар Зейферт - ганаровы старшыня міжнароднага савета па танцы Cid-UNESCO, дэкан факультэта рэжысуры Берлінскага ўніверсітэта драмы і танца, тройчы ўладальнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска", мастацкі кіраўнік "Эксцэнтрык-Балета" Сяргей Смірнов. Дапамагаць журы будуць члены экспертнага савета на чале з балетным крытыкам, даследчыкам музычнага тэатра, членам журы Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска" Ларысай Барыкінай. Конкурсныя спектаклі будуць ацэньвацца ў пяці намінацыях: "Лепшая пастаноўка", "Выканальніцкае майстэрства", "Артыстызм", "Традыцыі і наватарства" і "Постскрыптум". Пераможцу ў апошняй намінацыі журы вызначыць сумесна з членамі экспертнага савета. Разам з выступленнямі конкурсантаў гледачоў чакае сустрэча з замежнымі танцавальнымі калектывамі і вядомымі танцорамі. У канцэрце адкрыцця прыме ўдзел адна з самых яркіх зорак балета Латвійскай нацыянальнай оперы Ульві Азізаў, Пермскі дзяржаўны тэатр "Балет Яўгена Панфілава", "Эксцэнтрык-Балет" Сяргея Смірнова, а таксама калектывы і артысты з Польшчы, Украіны, Эстоніі. Сталіцу модерн-харэаграфіі не змог абысці міжнародны праект Cocoondance са сваім спектаклем "Насустрач твайму ворагу", які знаходзіцца на піку сусветнай папулярнасці. Гледачы ўбачаць гэты спектакль, пастаўлены швейцарскім харэографам. Прэм'ерныя паказы новых спектакляў Пермскага дзяржаўнага тэатра "Балет Яўгена Панфілава" і Екацярынбургскага "Эксцэнтрык-Балет" Сяргея Смірнова таксама пройдуць у Віцебску ў дні фестывалю. Праграма фестывалю ўключае правядзенне майстар-класаў, кінапаказы. Упершыню арганізатары фестывалю вырашылі прасоўваць беларускую сучасную харэаграфію на міжнародную сцэну і запланавалі сустрэчы беларускіх калектываў з прадстаўнікамі польскай асацыяцыі міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва Artbale, прэстыжнай Дзюсельдорфскай міжнароднай кірмашы танца, Літоўскага цэнтра інфармацыі і сучаснага танца. Сваю працу фестываль завершыць 21 лістапада. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску праводзіцца з 1987 года. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Міністэрства культуры, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Арганізатарам выступае Цэнтр культуры "Віцебск".-0-