Тэатр імя Якуба Коласа прадставіць мінчанам восем пастановак
11:09:40
26/8 РКО,РО,САВИ / 26
26 жніўня, Мінск /Кацярына Сідзелава - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск) з 17 па 26 верасня прадставіць мінскім гледачам восем сваіх пастановак. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч.
Адкрые гастрольную праграму спектакль "Васа" мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра Рыда Таліпава па п'есе Максіма Горкага, пастаўлены да юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Гісторыя сям'і - так вызначаны жанр спектакля. Пастаноўшчык засяродзіў увагу на пытанні захавання сям'і, калі муж і бацька Сяргей Жалезнов (заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушоў) спачатку абвінавачваецца ў распусных дзеяннях у дачыненні да непаўналетняй, а потым таямнічым чынам памірае. Гаспадыня дома і ўладальніца велізарнага параходства Васа Жалезнова (народная артыстка Беларусі Святлана Акружная) імкнецца злучыць тое, што ўжо даўно разбурана. І, у рэшце рэшт, надрываецца ў сваіх спробах зрабіць шчаслівымі дачок Наталлю (Наталля Саламах, Ніна Абухава) і Людмілку (Тамара Краснабаева), паставіць на шлях ісціны брата Прохара (Валянцін Салаўёў), вярнуць у сям'ю нявестку Рахіль (Алена Сладкевіч) з унукам Колем і наблізіць да сябе наперсніцу Ганну (Святлана Жукоўская). Як гэтая гісторыя сугучная з праблемамі сучаснай сям'і? Пра гэта разважае рэжысёр з сучасным гледачом.
Спектакль-споведзь "Крыж Ефрасінні", пастаўлены Міхаілам Краснабаевым па п'есе Ірыны Масленіцынай, распавядае пра святую беларускую зямлю Ефрасінню Полацкую і прымушае разважаць аб супакаенні душы. Ролю Ефрасінні выконвае заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова. Разам з галоўнай гераіняй яна вяртаецца ў горад сваёй юнасці, каб распавесці гледачам пра асобу, якая выбрала свой шлях аднойчы і назаўжды. П'еса распавядае пра сустрэчы і размовы Ефрасінні не толькі з манашкамі, сярод якіх яе родная сястра Яўдакія (Анастасія Куржалова) і стрыечная Еўпраксія (Наталля Саламах), але і з гараджанамі, якім неабходна яе дапамога і падтрымка. Коласаўцы правядуць гледачоў полацкімі шляхамі святой Ефрасінні і паспрабуюць знайсці адказ на пытанне: "Што ёсць самага каштоўнага на сённяшні дзень?.."
Пастаноўка "Апошнія сведкі" Святланы Алексіевіч - соло для дзіцячага голасу. Дзеці даваеннага класа сабраліся праз 65 гадоў пасля вайны. Класная дама прапануе ім напісаць сачыненне на тэму: "Як я правёў дзяцінства?" Гэта не біяграфіі, а самыя яркія эпізоды з жыцця дзяцей, у чый лёс чырвонай ніткай была ўплецена Вялікая Айчынная вайна. Спектакль паставіў аўтар інсцэніроўкі рэжысёр Уладзімір Савіцкі. У пастаноўцы заняты коласаўцы старэйшага пакалення: народны артыст Беларусі Тадэуш Какштыс, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Петрачкова, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова.
Мінчане змогуць паглядзець і п'есу "Ветрагоны", дзе ў жартаўлівым тоне артысты малодшага і сярэдняга пакалення коласаўцаў прадставяць "антыкрызісную праграму ад Уладзіслава Галубкі". Пастаноўка музычнай камедыі належыць рэжысёру Уладзіміру Савіцкаму. Саліруе ў гэтым спектаклі Раіса Грыбовіч, побач з ёй - Юрый Цвірко, Святлана Жукоўская, Анжаліка Баркоўская, Галіна Букаціна, Ларыса Антонава, а таксама маладыя артысты: Наталля Саламах, Юлія Крашэўская, Максім Фролаў, Максім Коржыцкі і Андрэй Качан.
Класічную камедыю "За двума зайцамі" украінскага драматурга Міхаіла Старыцкага прапануе сталічнаму гледачу Міхаіл Краснабаеў. У ролі Проні Пракопаўны - Анастасія Куржалова, Галахвастава - Арцём Барадзіч. З гэтай пастаноўкай коласаўцы ўжо пабывалі ў Расіі і Польшчы, дзе яна праходзіла з нязменным поспехам. Гэта свята акцёрскага майстэрства, тут няма ні адной прахадной ролі.
Падарожжа па прасторы невядомага прапануе гледачам пастаноўшчык спектакля "Прывітанне, Альберт!" заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі. Спектакль па п'есе Юрыя Сахара быў пастаўлены да 130-годдзя з дня нараджэння вялікага фізіка і лірыка ХХ стагоддзя Альберта Эйнштэйна. У галоўнай ролі - Генадзь Гайдук. На сцэне - любімыя жанчыны Эйнштэйна: Эльза Левенталь (Анжаліка Баркоўская), Марыя Кюры (Галіна Букаціна), Элен Дзюкас (Ніна Абухава) і знакамітыя людзі, якія атачалі яго асобу: Энрыка Фермі (Уладзімір Савіцкі), Зігмунд Фрэйд (Валянцін Цвяткоў), Паўліна Эйнштэйн (заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шашкіна), а ў прарочым сне - нават Ісаак Ньютан (народны артыст Беларусі Тадэуш Какштыс). Усе гэтыя людзі дапамаглі захаваць для нашчадкаў чалавека, які не толькі самааддана служыў навуцы, але і любіў, хварэў, сумаваў, радаваўся, а часцей - сумняваўся ў правільнасці ўласных перакананняў.
Камедыю сучаснага беларускага драматурга Дзіяны Балыка "Псіхааналітык для псіхааналітыка" паставіў на коласаўскай сцэне рэжысёр Сяргей Кулікоўскі. Гэта парады псіхааналітыка на тэму, як маладым Светачцы (Наталля Саламах) і Алексу (Арцём Барадзіч) наладзіць асабістае жыццё. Аднак сама доктар Вера Андрэеўна (Святлана Жукоўская) часта губляецца ў гэтым жыцці, асабліва пры сустрэчы з сапраўдным прафесіяналам Альбертам (Георгій Лойка). Усё гэта дасціпна каментуе вучоны Кот (Юлія Крашэўская).
Для маленькіх гледачоў артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа падрыхтавалі казку Сяргея Казлова "Нам нельга без сябра" ў пастаноўцы Юрыя Куліка. Гэта аповяд пра тое, як пасябравалі Парасяня (Яўген Бераснёў) і Заяц (Максім Фролаў). Воўк у выкананні Паўла Давыдоўскага зусім не страшны, а хутчэй смешны і нязграбны. А бабуля Шмялёва (Валянціна Багданава, Анастасія Куржалова), якая выкарміла Парасяня, нарэшце, ацэньвае яго неардынарныя здольнасці. Якія? Пра гэта гледачы незацятанай музычнай гісторыі пра сапраўднае сяброўства даведаюцца, прыйшоўшы ў тэатр ім. М. Горкага, дзе і абусталююцца віцебскія артысты на час гастроляў.-0-