Тэатр імя Якуба Коласа збіраецца стварыць сваю творчую студыю

19 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа збіраецца стварыць сваю творчую студыю, расказаў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця 87-га тэатральнага сезона, дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. Тэатр адчувае дэфіцыт маладых акцёрскіх кадраў. Выпускнікі акцёрскіх факультэтаў неахвотна едуць у правінцыю, таму тэатр вымушаны разлічваць на ўласныя сілы, канстатаваў Валерый Анісенка. У цяперашнім тэатральным сезоне пры Нацыянальным акадэмічным тэатры плануецца стварыць студыю, лепшыя выпускнікі якой будуць запрошаны на працу ў тэатр. Упэўненасць дырэктару ў тым, што свежыя сілы можна адшукаць у Віцебску, унушае фестываль "Школьны тэатр", які існуе больш за 15 гадоў, дзе акцёрскія здольнасці старшакласнікаў віцебскіх школ зрабілі самае спрыяльнае ўражанне на масцітага рэжысёра і педагога. Валерый Анісенка вядомы ў тэатральным свеце як цудоўны лектар і педагог. Сваю педагагічную дзейнасць ён пачаў у 1972 годзе ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Затым працаваў на пасадзе прафесара кафедры тэатральнай творчасці БДПУ культуры і мастацтваў. Сярод яго вучняў народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, кінарэжысёр Сяргей Шульга, акцёры Алег Караткевіч, Валянціна Багданава, Ігар Мікалаеў, Андрэй Кармунін, Валерыя Войчанка.-0-