Тэатр Я. Коласа да юбілею У. Караткевіча аднаўляе спектакль "Ладдзя роспачы"
4 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа да юбілею Уладзіміра Караткевіча аднаўляе паказ спектакля "Ладдзя роспачы". Яго прэм'ера пасля трохгадовага перапынку адбудзецца на коласаўскай сцэне 5 лістапада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч.
Доўгі час гледачы былі пазбаўлены магчымасці ўбачыць гэту пастаноўку з-за адсутнасці прыдатнага выканаўцы на ключавую ролю Гервасія Вылівахі. Цяпер яна даверана ўжо вопытнаму акцёру Аляксандру Базуку. Віцебскім тэатралам ён знаёмы па ролі Гарадуліна ў "Мудрацах" па Астроўскаму, за якую па выніках 84-га тэатральнага сезона быў удастоены тэатральнай прэміі за лепшую ролю другога плана. Ролю Бярозкі выканаюць Юлія Крашэўская і Ірына Цішкевіч, Смерці - Алена Шарэбчанка і заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова. Усяго ў спектаклі заняты больш за 20 акцёраў. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам з'яўляецца Міхаіл Краснабаеў. 5 лістапада ён адзначыць 50-годдзе і 25 гадоў творчай дзейнасці, таму прэм'ера ў гэты дзень "Ладдзi роспачы" стане своеасаблівым падарункам і да яго юбілею.
26 лістапада адноўлены спектакль будзе прадстаўлены на малой радзіме Караткевіча - у Оршы, а 27-га яго зноў зможа ўбачыць віцебская публіка.
"Ладдзя роспачы" - не адзіны твор знакамітага беларускага пісьменніка, пастаўлены на віцебскай сцэне, адзначыла Святлана Дашкевіч. Так, у 1974 годзе ў тэатры адбылася прэм'ера пастаноўкі па яго творы "Званы Віцебска", на якой прысутнічаў і сам аўтар. У 1978 годзе гледачам была прадстаўлена трагедыя "Кастусь Каліноўскі", у 1990-я гады - "Вераб'іная ноч". У цяперашні час у тэатры вядзецца праца над інсцэніроўкай спектакля "Леаніды не вернуцца да Зямлі" (другая назва рамана "Нельга забыць"), які плануецца прадставіць гледачу ў 2011 годзе.
Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. За раман "Чорны замак Альшанскі" ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа за раман "Нельга забыць", адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара адрозніваюцца яркімі вобразамі, захапляючым дынамічным сюжэтам. За майстэрства напісання і глыбіню праграмнымі для вывучэння ў школе сталі "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Сівая легенда". Многія творы Уладзіміра Караткевіча атрымалі другое жыццё ў кінематографе.-0-