Тэатр «Кола» з Віцебску ў новым сезоне плануе зрабіць пастаноўку з жывым рок-гуртам
Адкрытая далонька са спіраллю, што закручваецца ўнутр — сімвал народнага маладзёжнага тэатра "Кола". Гэта і знак гатоўнасці да новых знаёмстваў, праектаў, ідэй, і напамін пра тое, што ўсё ў свеце рухаецца па крузе. І вось 14 верасня ў канцэртнай зале "Віцебск" тэатр адкрыў восьмы сезон. "Гэтага не знойдзеш у сетцы, не брыдзі — прыходзь, прыходзь — пабродзь", — запрашалі акцёры гледачоў на перформанс "Уброд".
Гэты сезон гучна пачалі тры музычныя праекты тэатра — DonnyJepp, "Кухня" і "Чайнік band". Гледач "Кола" — асаблівы. Ён прыходзіць не толькі для таго, каб быць староннім назіральнікам, але і прыняць удзел у форум-спектаклях: гледач пры жаданні становіцца акцёрам, які можа змяніць ход спектакля.
— Папярэдні сезон быў вельмі насычаным, — расказала рэжысёр тэатра Уладзіслава Цвікі. — Летась мы актыўна прымалі ўдзел у здымках фільма пад рабочай назвай "Міракль пра Шагала" (прэм'ера адбудзецца ў кастрычніку 2013 года пад назвай "Шагал — Малевіч". — заўв. аўт.). Спачатку здымаліся ў Віцебску, а затым 14 акцёраў адправіліся ў Санкт-Пецярбург, дзе былі занятыя ў ролях другога плана яшчэ тры тыдні.
Тэатр "Кола" таксама ездзіў у Маскву на рэтрафестываль "Шчаслівы трынаццаты" з музычным фарсам па матывах твораў Данііла Хармса, Казіміра Малевіча, Себасцьяна Бранта ў рамках праекта "Forteпроун". Падчас свята масквічы і госці маглі акунуцца ў атмасферу мінулага, стаць удзельнікамі прадстаўлення блукаючага цырка, паслухаць вулічных музыкантаў і пакатацца на рэтра-роліках.
Насычаным для "Кола" аказалася ўдзел у фестывалі "Славянскі базар у Віцебску", дзе акцёры працавалі на пляцоўках міжнародных конкурсаў. На дзіцячым конкурсе яны ўвасаблялі персанажаў казкі і выступілі ў якасці вядучых. А на дарослым прымалі ўдзел у тэатралізаваных пластычных кампазіцыях.
Пасля кароткага перапынку тэатр гатовы да новых здзяйсненняў. Ужо адбыўся майстар-клас па альтэрнатыўным тэатры з Ялмарам Хорхе Хофрэ-Эйхорнам. Гэты рэжысёр з Германіі быў у захапленні ад рэпертуару калектыву Цэнтра культуры "Віцебск", які працуе ў жанры форум-тэатра, праявіў зацікаўленасць у супрацоўніцтве.
Кожную нядзелю да канца верасня праходзіць набор акцёраў і музыкантаў у асноўны склад тэатра на конкурснай аснове. А вось у Арт-праект (студыю пры тэатры) можа прыйсці любы. Тут навучальныя заняткі — на платнай аснове.
Уладзіслава Цвікі запэўнівае, што новы сезон будзе нічым не слабейшы за папярэдні па напаўненні. Кожны месяц па традыцыі гледачоў чакае новы форум-спектакль; у планах — пластычная пастаноўка з жывым рок-гуртам; чакаецца прэм'ера камедыі па п'есе Марыі Арбатавай.
Марыя Лялькіна, Віцьбічы