Тэатр «Лялька» адкрывае новы сезон прэм’ер і легенд
Свой 30-ы сезон «Лялька» пачынае з прэм’еры. Віцебскія лялечнікі запрашаюць юных гледачоў у «Горад клоўна Пiка» – так называецца дэбютны спектакль маладога рэжысёра Міхаіла Клімчука. А ў нядзельны вечар адбудзецца спектакль для дарослых «Дзядзька Ваня i сястры тры». Акрамя гэтага, у праграме ўзнагароджанне лепшых артыстаў мінулага сезона.
На прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю новага тэатральнага года, лялечнікі падзяліліся сваімі планамі. Так, мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук у бліжэйшы час прыступае да пастаноўкі спектакля «Умка». Рэжысёр растлумачыў, чаму ён узяў менавіта гэту казку пра мядзведжанку:
– Думаю, Умка будзе тым самым героем і сябрам, якога часам не хапае дзецям. Я хачу, каб спектакль стаў нагодай для далейшых зносін, каб малыя пісалі лісты Умку, дзяліліся з ім сваімі марамі.
Віктар Клімчук таксама збіраецца паставіць казку Андэрсена пра стойкага алавянага салдаціка, у планах і спектакль, прысвечаны Марку Шагалу. А ў бліжэйшы час «Лялька» ладзіць сапраўдную містэрыю ля Белай панны.
– Наш тэатр размешчаны ў гістарычным месцы – на Замкавай гары, і мы вырашылі гэта выкарыстаць. Узялі легенду пра Белую панну, якая калісьці жыла ў замку, і падумалі, што вакол яе можна разыграць відовішчнае прадстаўленне, якое мы назвалі «Мiстэрыя ў Белай панны». Самым прыдатным днём будзе 31 кастрычніка. У пэўным сэнсе наша дзеянне стане альтэрнатывай Хэлоўіну і пакладзе пачатак новай традыцыі, – распавёў дырэктар тэатра Аляксандр Рыгораў.
У праграме містэрыі – тэатр ценяў, гатычны квэст, містычны спектакль «Загубленая душа, або Пакаранне грэшнiка», пасля якога на вуліцы за-планаваныя файер-шоў і феерверк. На перакананні арганізатараў, такі праект прыцягне ў тэатр моладзь.
Напрыканцы верасня «Лялька» возьме ўдзел у міжнародным фестывалі «Белгародскія забавы». У Расіі Беларускі тэатр лялек пакажа спектакль для дарослых «Спакуса» па п'есе Чэхава «Чорны манах». А ў кастрычніку віцебскія лялечнікі паедуць у Чэбаксары на форум «Асаблівы фестываль для асаблівых гледачоў «Неабавязкова быць аднолькавымі». Для паказу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі абраны вясёлы інтэрактыўны спектакль «Жыў-быў Заяц».
У красавіку будучага года «Лялька» адзначыць свой юбілей і падрыхтуе шмат сюрпрызаў для маленькіх і дарослых гледачоў.
Таццяна Пастарнак, «Віцебскія весці».