Тэатр «Лялька» прывёз Гран-пры з Татарстана за спектакль для дарослых
Беларускі тэатр «Лялька» вярнуўся
з Казані з галоўнай узнагародай Міжнароднага фестывалю «Шомбай-fest».
Віцебскія лялечнікі павезлі ў сталіцу Татарстана свой тытулаваны спектакль, які не раз атрымліваў узнагароды на тэатральных форумах, – «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка». І не пралічыліся: пастаноўку прызналі лепшай сярод 15, прадстаўленых трупамі з розных гарадоў Расіі і краін СНД.
У аснове спектакля – адзін з сюжэтаў кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага. Пастаноўку ў свой час ажыццявіў вядомы беларускі рэжысёр, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда. «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» быў першым дарослым спектаклем на віцебскай сцэне і вось ужо больш за 23 гады застаецца ў рэпертуары.
Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці».