«Тэатр прызямліўся ў Віцебску». Каласаўцы паказалі святочную пастаноўку з нагоды 90-годдзя тэатра

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыў 90-годдзе.

У юбілейную праграму ўвайшло некалькі мерапрыемстваў: навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент», адкрыццё гістарычнай выставы ў краязнаўчым музеі, прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага «Старонкі мінулага і сучаснага» і ўрачысты вечар на коласаўскай сцэне.


«Тэатр прызямліўся ў Віцебску» – так называлася святочная пастаноўка, у якой, па задумцы рэжысёра Міхаіла Краснабаева, мінулае знакамітага калектыву злучылася з сучаснасцю. Гледачы мелі магчымасць перанесціся ў далёкі 1926 год, калі ў горад на Дзвіне прыехалі выпускнікі студыі пры Маскоўскім мастацкім тэатры, якія заклалі аснову Другога Беларускага тэатра.

Першы крыху раней быў адкрыты ў Мінску, дарэчы, менавіта для яго набіралася студыя. Але па шчаслівым збегу абставін яе накіравалі не ў сталічны горад, а ў правінцыйны Віцебск.

Аркадзь Падліпскі, у ходзе працы над кнігай, знайшоў дакументы, якія дазваляюць выказаць здагадку, што ініцыятарам адкрыцця тэатра ў нашым абласным цэнтры была тагачасная кіраўніца Галоўпалітпрасветы і тэатральнай секцыі Народнага камісарыята асветы БССР Соф'я Шамардзіна. На той час гэта была ўплывовая жанчына – жонка старшыні Савета Народных Камісараў БССР Іосіфа Адамовіча. У маладосці яна была ў сяброўскіх адносінах з Ігарам Севяранінам, Фёдарам Салагубам, Карнеем Чукоўскім, Вялімірам Хлебнікавым, адзін час лічылася нявестай Уладзіміра Маякоўскага.

З 35 акцёраў першай трупы трое сталі народнымі артыстамі СССР, шасцёра – народнымі Беларусі, сямёра – заслужанымі артыстамі рэспублікі, яшчэ двое – заслужанымі дзеячамі мастацтваў Беларусі. Уражлівыя лічбы! Усяго ж за 90 гадоў Коласаўскі тэатр выхаваў цэлую галерэю выдатных акцёраў і рэжысёраў. Іх паіменна ўспомнілі на ўрачыстым вечары.

Карціны з тэатральнага мінулага змяняліся сцэнамі з сучасных спектакляў, у якіх сваё майстэрства паказвае цяперашняе пакаленне коласаўцаў. Адкрыў прадстаўленне народны артыст Беларусі Тадэуш Какштыс,

які выйшаў на гэтыя падмосткі амаль 60 гадоў таму і па сей час застаецца запатрабаваным акцёрам. За адданасць мастацтву яму, а таксама народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной уручылі спецыяльныя прызы, заснаваныя Коласаўскім тэатрам.

У другой частцы юбілейнага вечара на сцэну выходзілі афіцыйныя асобы і прыхільнікі віцебскай трупы. Прывітальнае слова ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі зачытала першая намесніца міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Яна таксама ўручыла Ганаровую грамату міністэрства заслужанай артыстцы Беларусі Тамары Скворцовай і падзяку міністра – маладому таленавітаму артысту Раману Салаўёву.

– За ўсе 90 гадоў тэатр Якуба Коласа не знізіў творчы ўзровень і заўсёды служыў і працягвае служыць высокаму мастацтву, – адзначыла Ірына Дрыга.

Ганаровую грамату аблвыканкама атрымала артыстка Зінаіда Гурбо, падзяку старшыні аблвыканкама – загадчык мастацка-пастановачнай часткі Рыгор Сухвал. Група акцёраў і работнікаў тэатра адзначана ўзнагародамі абласнога і Віцебскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, прафсаюза. Свае віншаванні даслалі кіраўнікі тэатраў Беларусі, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў драматург Аляксей Дудараў.

Усе жадалі тэатру даўгалецця, добрых пастановак і аншлагаў. А былая коласаўская актрыса народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель у народнай манеры выканала “Happy Birthday», чым выклікала захапленне гледачоў.

На паклон выйшла ўся коласаўская трупа, якая і ў гэты святочны дзень была занята ў пастаноўцы. Бо акцёр па-сапраўднаму шчаслівы на сцэне, а самая галоўная для яго ўзнагарода – апладысменты публікі, якія працягвалі гучаць, нават калі зачынілася заслона.

А сёння ўвечары яна адкрыецца зноў, і гісторыя Коласаўскага тэатра працягнецца.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».