Тэатральная дэкада пройдзе ў Віцебскай вобласці 4-13 чэрвеня

2 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тэатральная дэкада пройдзе ў Віцебскай вобласці з 4 па 13 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У маштабным мерапрыемстве будуць задзейнічаны звыш 50 аматарскіх тэатральных калектываў з усіх раёнаў і гарадоў рэгіёна. На працягу дзесяці дзён яны будуць абменьвацца гастролямі, актыўна выступаць у аграгарадках, праводзіць творчыя сустрэчы. Апафеозам акцыі стане абласное свята аматарскіх тэатраў "Тэатральная вясна-2010", якое адбудзецца ў Оршы 10-13 чэрвеня. У гэтыя дні адразу на трох пляцоўках (у Доме культуры чыгуначнікаў, гарадскім Доме культуры і ДК Аршанскага ільнокамбіната) пройдзе творчае спаборніцтва 12 лепшых калектываў вобласці з Оршы, Полацка, Гарадка, Наваполацка, Докшыцкага, Шумілінскага, Браслаўскага і Лепельскага раёнаў. Журы трэба будзе вызначыць лаўрэата конкурсу, уладальнікаў 1-й, 2-й і 3-й прэмій, а таксама пераможцаў у намінацыях на лепшую рэжысуру, сцэнаграфію, мужчынскую, жаночую і эпізадычную ролі, пластычнае рашэнне спектакля. Арганізатарам мерапрыемства выступае Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.-0-