«Тэатральныя сустрэчы-2013» і кінапраграма «Славянскага базару» пройдуць на аснове самаакупнасці

"Тэатральныя сустрэчы-2013" і кінапраграма XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць на аснове самаакупнасці, паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА дырэктар дырэкцыі фестывалю Аляксандр Сідарэнка.

"Тэатральны і кінапраект праходзяць сёлета на аснове самаакупнасці і праводзяцца па магчымасці без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Каб вярнуць у скарбонку фестывалю сродкі, затрачаныя на яго арганізацыю, пры фарміраванні праграм праводзіўся адбор прапанаваных да ўдзелу спектакляў і фільмаў", - сказаў Аляксандр Сідарэнка.

"Тэатральныя сустрэчы-2013" уключылі шэсць пастановак, якія пройдуць на сцэнах канцэртнай залы "Віцебск" і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа. У спектаклях задзейнічаны такія вядомыя артысты, як Максім Аверын, Вольга Авілава, Дзмітрый Мар'янаў, Дар'я Павярэннава, Рыгор Анціпенка, Таццяна Арнтгольц, Аляксей Матошын. Папулярнасць праекта настолькі высокая, што квіткі на пастаноўкі раскупляюцца ў першыя ж дні продажаў. Гэты год не стаў выключэннем.

"Фестывальная кінапраграма" традыцыйна адбудзецца ў Доме кіно і будзе ўключаць чатыры карціны: "Легенда №17", "Мужчынская жаночая гульня", "Дачка" (Расія) і фільм "Сляды апосталаў" (Беларусь) сумеснай вытворчасці УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", ТАА "ПершаяКінаВідэаКампанія" і ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал". "На іх прэзентацыі запрошаны стваральнікі фільмаў і артысты, але хто канкрэтна з іх зможа прыехаць, пакуль рана казаць. Спадзяемся, што гэты праект таксама прыцягне заслужаную ўвагу гледачоў", - сказаў Аляксандр Сідарэнка.

ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 11 па 15 ліпеня.

Вольга Багачова, БЕЛТА