Тэатральныя сустрэчы на «Славянскім базары ў Віцебску» адкрые творчы вечар Міхаіла Казакова
9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Творчы вечар Міхаіла Казакова адкрые 10 ліпеня "Тэатральныя сустрэчы" XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю.
Гасцей вечара чакае незабыўнае падарожжа па біяграфічных і прафесійных маршрутах гэтага таленавітага чалавека. Знакаміты акцёр тэатра і кіно, рэжысёр многіх вядомых фільмаў раскажа пра сябе, сваю прафесію і сяброў, падзеліцца ўбачаным і перажытым. Сустрэча з Міхаілам Казаковым адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. У гэты ж дзень на сцэне канцэртнай залы "Віцебск" фларантыйскую камедыю "Прываротнае зелле" прадставіць Міжнароднае тэатральнае агенцтва "Арт-партнёр XXI" (Расія). Лёгкая пастаноўка апавядае пра тое, што на любоўным фронце ўсе сродкі добрыя.
Насычаная праграма "Тэатральных сустрэч" парадуе і ў наступныя дні. Так, смешны і страшнаваты трагіфарс "Лялькі", які закранае вечны канфлікт паміж сапраўдным і "прадажным" мастацтвам, пакажа 11 ліпеня маскоўскі Тэатр на паўднёвым захадзе. Складаны выбар трэба будзе зрабіць прыхільнікам мастацтва Мельпамены ў нядзелю. У гэты дзень за іх увагу будуць змагацца кампазіцыя "Майстар і Маргарыта" Тэатра на паўднёвым захадзе і музычны спектакль "Адэса, горад чараўніцтва..." Рыжскага рускага тэатра імя Міхаіла Чэхава (Латвія). Кампазітарам гэтай пастаноўкі, якая праходзіць з нязменным аншлагам, з'яўляецца выдатны латышскі кампазітар Раймонд Паўлс. Не меншую колькасць станоўчых эмоцый падораць камедыі "Уікэнд па-французску" прадусарскага цэнтра "Пра. Ко. Медыя" (Расія) і "Два пакоі" міжнароднага тэатральнага цэнтра "Шанс" (Расія). У апошняй пастаноўцы заняты Максім Віторган, сын народнага артыста Расіі Эмануіла Віторгана, які таксама стане госцем "Славянскага базару".
Разам са сваім тэатрам Эмануіл Віторган прадставіць спектакль "Трыа", у якім сыграе адну з роляў. Менавіта гэтая пастаноўка стала лідарам папулярнасці сярод усіх праектаў "Тэатральных сустрэч": усе квіткі на яе ўжо раскуплены. Невялікі шанец трапіць на іншыя спектаклі захоўваецца, бо лічаныя квіткі на іх сёння раніцай яшчэ былі ў касах фестывальнага Віцебска.-0-