Тэлегі, брычкі і дыліжансы будуць рабіць у "Відзах-сіці"
4 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дугі, брычкі і нават дыліжансы будуць рабіць у "Відзах-сіці". Незвычайны экалага-этнатурыстычны праект рэалізуе ў пасёлку Відзы (Браслаўскі раён) тутэйшы дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар навучальнай установы Міхаіл Смірноў.
"Відзы-сіці" - маштабны праект, які закліканы спрыяць не толькі развіццю каледжа, але і ўсяго пасёлка. Бо навучальная ўстанова фактычна з'яўляецца горадаўтваральнай для прыгранічнага з Літвой населенага пункта, у якім пражываюць 1,7 тыс. чалавек, растлумачыў суразмоўца. У цяперашні час у стварэнні "Відзы-сіці" ўдзельнічаюць экалагічны цэнтр выхавання моладзі, творчае аб'яднанне навучэнцаў, якія працуюць пры каледжы, і грамадскае аб'яднанне "Цэнтр развіцця Відзаўскага краю".
Па задуме аўтараў праекта, у Відзах ствараецца інфраструктура для развіцця экалагічнага і этнічнага турызму. Прафесійна-тэхнічны каледж актыўна асвойвае нетрадыцыйныя крыніцы энергіі і выкарыстоўвае энергію сонца і ветру для падагрэву вады ў інтэрнаце і асвятлення памяшканняў навучальнай гаспадаркі. Як лічыць Міхаіл Смірноў, сонечны калектар і ветравая ўстаноўка могуць заняць ганаровае месца ў шэрагу мясцовых архітэктурных і прыродных славутасцяў.
Развіццё этнічнага напрамку каледж звязвае з комплексам рамесных майстэрняў, якія абсталёўваюцца ў "Заездным двары". Навучальная ўстанова набыла старадаўнія будынкі складоў, адрамантавала іх і ўжо да пачатку наступнага турыстычнага сезона збіраецца прадставіць тут традыцыйныя для беларусаў і літоўцаў рамёствы, у тым ліку пачаць выраб гужавога транспарту - дуг, брычак, карэт і дыліжансаў. Гэты від транспарту будзе выкарыстоўвацца для абслугоўвання турыстаў на маршрутах па Браслаўскім краі.
Як адзначыў Міхаіл Смірноў, стаўка на турызм у Відзах зроблена на падставе практычнай работы. Штогод на базе адпачынку каледжа адпачываюць звыш 200 дзяцей, у тым ліку з прыгранічных раёнаў Пскоўскай вобласці. Экскурсанты з задавальненнем наведваюць вальерную і навучальную гаспадаркі, дзе ўтрымліваюцца каровы, трусы, лані і страусы. Каледж арэндуе два азёры агульнай плошчай 120 га і мае рыбалоўную брыгаду.
Відзаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж вядзе падрыхтоўку навучэнцаў па 14 рабочых кваліфікацыях для аграрнай, лясной, будаўнічай галін і грамадскага харчавання. У каледжы навучаюцца 365 навучэнцаў, у тым ліку грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Каледжу належыць лясная навучальная база плошчай 95 га, у якую ўваходзіць лесапітомнік. Навучальная ўстанова неаднаразова станавілася дыпламантам рэспубліканскіх і абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства і тэхнічнай творчасці навучэнцаў.-0-