Телеканал «Віцебск» цяпер выходзіць у новым фармаце
Чытачы, верагодна, звярнулі ўвагу, што ў «Віцебскіх вестках» за 23 кастрычніка ў блоку «Тэлеэкран тыдня» упершыню была кампактна апублікавана праграма вяшчання тэлеканала «Віцебск». Гэта значыць, у працы абласнога ТВ адбыліся перамены. Якія, патлумачыла дырэктар РВУ РТЦ «Тэлерадыёкампанія «Віцебск» Алена Панцюхова.
Телеканал «Віцебск» створаны ў 1997 годзе, але ў яго рамках вяшчалі розныя сеткавыя партнёры, запрашаныя кампаніяй, да прыкладу, з 2007-га – тэлеканал «Мір». Гэта значыць, рэтрансляваныя праграмы час ад часу перамяжоўваліся перадачамі нашых тэлевізійшчыкаў, і гледачам вобласці было складана зразумець, што насамрэч гэта не канал «Мір», а канал «Віцебск». Выпускі ж віцебскіх навін ішлі на «Беларусь 1», шэраг іншых перадач – на «Беларусь 2». Вось і ўзнікла ідэя акумуляваць прадукцыю абласнога ТВ на адной тэлевізійнай кнопцы. Змены паскорыла і Дзяржпраграма развіцця лічбавага тэлебачання. Так у лістападзе мінулага года было прынята рашэнне аблвыканкама аб стварэнні тэлеканала «Віцебск». Калектыў тэлерадыёкампаніі, першай і пакуль адзінай з рэгіянальных у Беларусі, якая адважылася на такі эксперымент, удзячны за падтрымку праекта кіраўніку вобласці Аляксандру Касінцу.
Заўважна ўдасканалілася матэрыяльная база. З улікам новага вяшчальнага фармату капітальна пераабсталяваны і аформлены два старыя студыйныя павільёны, створаны яшчэ два, у тым ліку ў радыёстудыі. Цяпер замест ранейшых гадзіны ці дзвюх будзе 17 гадзін штодзённага тэлевяшчання. Гэта выключна мясцовы тэлепрадукт, які гледач не ўбачыць ні на якім іншым канале. Дарэчы, тут па-ранейшаму будуць гучаць абедзве дзяржаўныя мовы.
Стаўка – на навіны. Інфармацыйныя выпускі прадугледжаны ў тэлеэфіры кожную гадзіну. Частка іх задумана як радыёварыянт, бо студыя абласнога радыё адгэтуль можа працаваць і як тэлевізійная. А ў прамежках паміж навінамі гледачам прапануюць разнастайныя тэлепраграмы. Адная з галоўных – новая, штодзённая, пад назвай «Вечерний Витебск». Пачатак у 19.00. Гэта тэлевізійнае кафэ, госці якога ў прамым эфіры будуць дзяліцца ўражаннямі аб галоўных падзеях мінулага дня. Адзін з двух вядучых, праз Інтэрнэт падтрымліваючы сувязь з гледачамі, у рэжыме анлайн зможа адсочваць і каментаваць іх меркаванні, паведамленні. Поўтар – у 23.00 і ў 11 гадзін назаўтра. Увогуле спачатку ўсе тэлепраграмы канала будуць паказваць тройчы, так што іх паспеюць паглядзець усе ахвотныя.
Ёсць ідэя рэалізаваць сумесны творчы праект з рэдакцыямі раённых газет і радыё. Пробны выпуск навін паказаў, што ў век Інтэрнэту гэта цалкам рэальна. Ствараюцца старонкі «ТВ-Витебск» у сацыяльных сетках.
Так, з панядзелка, 27 кастрычніка, тэлеканал «Віцебск» працягне сваю працу, але ўжо ў новым фармаце. Пра гэты важны этап яго біяграфіі паведаміць першы сюжэт у навінах. А ў праграме «Вечаровы Віцебск» можна будзе пазнаёміцца з усімі дзесяццю вядучымі. Яны больш падрабязна раскажуць пра сапраўды рэвалюцыйны праект роднай тэлерадыёкампаніі, творчыя задумы журналістаў, рэжысёраў, аператараў.
На якой кнопцы шукаць тэлеканал «Віцебск»?
– Пры дапамозе пульта гэта лёгка вызначыць для сябе кожны гледач. Арыенцір – лагатып «Віцебск», – падкрэсліла Алена Панцюхова.
Галіна Шпакоўская,"Віцебскія весці"