Тэлемедыцына і міжраённыя профільныя цэнтры. Як будзе развівацца ахова здароўя Аршанскага раёна ў 2019 годзе
Эксперымент, які Віцебскі аблвыканкам і Аршанскі райвыканкам пад патранажам Міністэрства эканомікі Беларусі будуць ажыццяўляць на працягу 2019 года, закране ўсе ключавыя галіны – жыллёва-камунальную гаспадарку, ахову здароўя, адукацыю, культуру, сувязь, сацыяльнае абслугоўванне, гандаль, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне, фізічную культуру і спорт.
У ахове здароўя рэгіёна на 100% павінен быць выкананы нарматыў забеспячэння доступу да паслуг тэлемедыцыны.
З дапамогай перасоўнага дыягнастычнага комплексу плануюць удасканаліць дыягнастычнае абследаванне сельскіх жыхароў з мэтай выяўлення захворванняў на ранніх стадыях.
Аб якасці медыцынскага абслугоўвання ў рэгіёне, аснашчанасці ўстаноў аховы здароўя сучасным абсталяваннем і кадрамі, далейшых перспектывах – гутарка з галоўным урачом Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Аляксеем Кароткім.
– Аляксей Васільевіч, што на сённяшні дзень уяўляе сабой сістэма аховы здароўя Аршаншчыны?
– Гэта парадку 50 устаноў і 3 тысячы супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць звыш 156 тысяч чалавек. Галіна сёння атрымала другое дыханне дзякуючы пільнай увазе дзяржавы. Будаўніцтва новых аб'ектаў, аснашчанасць сучасным абсталяваннем, камфорт людзей – усім гэтым ужо зараз можа ганарыцца рэгіён.
– Мадэрнізаваную гарадскую бальніцу №1 імя Семашкі цяпер па праву можна назваць буйным міжраённым цэнтрам, абсталяваным па апошнім слове тэхнікі, дзе абслугоўваецца насельніцтва не толькі Аршанскага, але і Талачынскага, Дубровенскага раёнаў.
– Новы лячэбны корпус клінікі ўведзены ў строй у пачатку 2018 года па даручэнні Прэзідэнта. Тут працягваюць укараняць новыя, у тым ліку высокатэхналагічныя, метады абследавання і лячэння.
У анiяграфічным кабiнеце ў бягучым годзе ўжо выканана каля 136 каранараграфій, 3 балонныя пластыкі, 55 стэнцiраванняў каранарных сасудаў. У хірургічным аддзяленні асвоены сучасныя аперацыі пры захворванні органаў брушной поласці з даставаннем камянёў з жоўцевыводзячых пратокаў. У траўматалогіі ўкаранёна артраскапія каленнага сустава. За 3 месяцы выканана 16 аператыўных умяшанняў.
Што тычыцца уралогіі, то і тут мы зрабілі крок наперад – асвоены малотравматычныя віды аператыўных умяшанняў пры захворваннях мачавога пузыра, прадсталёвай залозы, кантактнае драбленне камянёў мачавых шляхоў і інш.
Выконваецца ў бальніцы і эндапратэзаванне тазабедранных суставаў – за месяц мы ліквідавалі чаргу з трох дзясяткаў аршанцаў.
У афтальмалагічным аддзяленні запрацавала хірургічная сістэма для выдалення катаракты з устаноўкай інтраакулярнай лінзы. З удзелам абласных спецыялістаў ужо праведзена 5 аперацый.
У студзені гэтага года на базе неўралагічнага аддзялення адкрыты міжраённы цэнтр для пацыентаў з рассеяным склерозам, у сакавіку – міжраённы цэнтр планавай, малаінвазіўнай і эндаскапічнай хірургіі.
На днях атрыманы новы маммограф, які будзе ўстаноўлены ў паліклініцы №2, а ў верасні ў лячэбным корпусе гарадской бальніцы №1 ім. Семашкі з'явіцца новы 64-зрэзавы камп'ютарны тамограф.
– Аршанскія медыкі аднымі з першых у краіне асвоілі лічбавую медыцыну. Замест папяровых рэцэптаў і картак – электронныя дакументы, а ў кожнага ўрача хуткай планшэт з анамнезам пацыента. Раскажыце пра гэта ноу-хау.
– Праца па выкарыстанні сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій працягваецца. У мінулым годзе закуплена 144 камп’ютары. Па лініі Міністэрства аховы здароўя Беларусі для інфарматызацыі гарадской бальніцы №1 ім. Семашкі атрымана 40 камп’ютараў. Выкарыстоўваецца праграма Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра.
Арганізаваны кансультацыйны тэлемедыцынскі кабінет для ўзаемадзеяння з рэспубліканскай сістэмай кансультавання.
Пачатае тэсціраванне медыцынскай інфармацыйнай сістэмы для абмену інфармацыяй.
3 камп’ютары і 14 планшэтаў аб’яднаны ў адзіную сетку збору і абмену данымі. У паліклініках №1, 2, 4, дзіцячай паліклініцы №2, амбулаторыях і ўчастковых бальніцах выкарыстоўваюцца электронны рэцэпт і электронная амбулаторная карта.
З пачатку года выдадзена больш за 7 тысяч пластыкавых карт медыцынскага абслугоўвання пацыентаў, выпісана каля 4 тыс. электронных рэцэптаў. Нядаўна атрымана яшчэ 15 тысяч пластыкавых карт, знаходзіцца на ўзгадненні тэхнічнае заданне па стварэнні лакальнай вылічальнай сеткі ў паліклініцы №3.
– Новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне – гэта, безумоўна, добра. Але ж без прафесійных кадраў аб эфектыўнай медыцыне казаць не даводзіцца. Як вырашаеце гэтае пытанне?
– Сапраўды, стан кадравых рэсурсаў вызначае эфектыўнасць працы аховы здароўя, у тым ліку якасць і даступнасць аказваемай медыцынскай дапамогі насельніцтву. У ахове здароўя раёна працуюць 420 урачоў, з іх 62 маладых спецыяліста.
Цікава, што 11 урачоў ва ўзросце да 35 гадоў займаюць пасады загадчыкаў структурных падраздзяленняў установы. Сёлета ў раён прыбудзе 21 урач, а ў наступным – яшчэ 54 доктары, у тым ліку вузкія спецыялісты. Ну а для таго, каб яны тут замацаваліся і адчувалі сябе ўпэўнена, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №506 у Андрэеўшчыне да канца бягучага года будзе ўведзены ў строй арэндны 40-кватэрны дом для медработнікаў.