Тэлемост Віцебск-Мілан па малаінвазіўнай хірургіі пройдзе падчас працы з'езду хірургаў Беларусі
10 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Спецыялісты з 10 краін прымуць удзел у рабоце 14-га з'езда хірургаў Беларусі, які адкрыецца 11 лістапада ў Віцебску на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прарэктар па навукова-даследчай рабоце ўніверсітэта, дацэнт Сяргей Сушкоў.
На працягу двух дзён больш за 350 дэлегатаў форуму будуць абмяркоўваць стан і перспектывы развіцця хірургічнай дапамогі насельніцтву ў Беларусі. Цікавасць да мерапрыемства праявілі таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Германіі, Італіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Малдовы, Азербайджана і Таджыкістана.
Акрамя правядзення пленарных і секцыйных пасяджэнняў, падчас работы з'езда будзе арганізаваны тэлемост Віцебск-Мілан, удзел у якім возьмуць спецыялісты італьянскай Акадэміі эндаскапічнай хірургіі. У ходзе тэлемоста плануецца абмеркаваць пытанні ўкаранення малаінвазіўных тэхналогій у хірургіі, а таксама перспектывы арганізацыі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў у гэтым напрамку з выкарыстаннем вопыту італьянскіх калег, адзначыў Сяргей Сушкоў.
Удзельнікі форуму разгледзяць дасягненні ў сферы аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, у тым ліку развіццё сардэчна-сасудзістай і таракальнай хірургіі. Будуць прадстаўлены дасягненні і перспектывы развіцця трансплантацыі органаў і тканак, а таксама сучасныя напрамкі рэканструктыўнай хірургіі органаў грудной і брушной поласці. У парадак дня ўключаны пытанні аказання хірургічнай дапамогі дзецям, хірургіі экстрэмальных сітуацый. Дэлегаты абмяркуюць праблемы інавацыйнага шляху развіцця сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў хірургічнага профілю. Па выніках дэбатаў будзе выпрацавана рэзалюцыя з'езда.
Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларуская асацыяцыя хірургаў, Беларускае таварыства ангыёлагаў і сасудзістых хірургаў, Беларуская асацыяцыя кардыё-таракальных хірургаў.-0-