Тэлевізары "Віцязь" прызнаны прадуктам года на прэстыжнай выставе ў Маскве
16 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тэлевізары РВУП "Віцязь" прызнаны прадуктам года на прэстыжным кірмашы ў Маскве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела маркетынгу і збыту Сяргей Гукоў.
Міжнародны кірмаш HDI-Show-2009 сабраў у Маскве буйных вытворцаў з усёй Усходняй Еўропы, у тым ліку такія шырока вядомыя кампаніі як BBK, Sony, Funai і іншыя. Свае навінкі на прэстыжным форуме прадставіла і вядучае беларускае прадпрыемства па выпуску тэлевізійнай тэхнікі "Віцязь". Госці і ўдзельнікі кірмашу па вартасці ацанілі найноўшыя ўзоры яго ЖК-панэляў, LCD-тэлевізараў у каляровых і глянцавых корпусах, DVD-прайгравальнікі, цюнэры для пераўтварэння лічбавага і аналагавага сігналу. Пры гэтым эксклюзіўная мадэль 26 LCD 831-3 у драўляным корпусе лінейкі Retro, якая прыняла ўдзел у конкурсе "Прадукт года-2009", стала пераможцам у намінацыі "аўдыё- і відэатэхніка", пацвердзіўшы шырокую папулярнасць і запатрабаванасць тэлевізійнай тэхнікі віцебскага тэлецэнтра на расійскім рынку.
Сяргей Гукоў адзначыў, што прадпрыемства пастаянна працуе над абнаўленнем і развіццём усяго шэрагу прадукцыі. Так, у лютым група бытавой тэхнікі папоўнілася лінейкай з шасці мадэляў электрапрасаў. Пашыраюцца мадэльныя лінейкі LCD-тэлевізараў. Рыхтуюцца да выпуску СВЧ-печы. Па выніках першага квартала ўдзельная вага новых відаў прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці склала 23%. Завод працуе рэнтабельна і на поўную моц.
Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. Спецыялізуецца на выпуску тэлевізараў. Таксама вырабляе пажарную тэхніку, медыцынскае абсталяванне, мэблю, будматэрыялы. Практычна ўсе камплектуючыя для прадукцыі вырабляюцца на заводзе. У цяперашні час тут працуюць каля 5 тыс. чалавек.-0-