Телезаводу "Віцязь" не хапае інтэлектуальных інвестыцый - А.Косінец
26 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскаму тэлезаводу "Віцязь" не хапае інтэлектуальных інвестыцый. Такую рэзкую заяву сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама зрабіў яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку губернатара, прадпрыемства адстала ў развіцці: не асвойваюцца новыя імпартазамяшчальныя віды бытавой тэхнікі. "Прадпрыемства дагэтуль выпускае тэлевізары з кінескопамі, у той час як сусветныя вытворцы даўно зрабілі крок наперад", - канстатаваў Аляксандр Косінец.
Разам з тым тэлезаводу па сілах асваенне выпуску тэхнікі новага пакалення. "Без прыцягнення інтэлектуальных інвестыцый у цяперашняй сітуацыі прадпрыемству не абысціся. "Віцязю" неабходна наладзіць супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі, Нацыянальнай акадэміяй навук", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Прадпрыемства заснавана ў 1976 годзе. РУПП "Віцязь" спецыялізуецца на вытворчасці тэлевізійнай, пажарнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, мэблі, будматэрыялаў. Па выніках работы за 10 месяцаў на прадпрыемстве аб'ём вытворчасці таварнай прадукцыі склаў 82,2% да ўзроўню мінулага года. На складзе назапасілася 38 тыс. тэлевізараў. З пачатку года на прадпрыемстве асвоілі выпуск некалькіх новых відаў прадукцыі: электрачайнікаў, прасаў, мікрафонаў, мікрахвалевых печаў.-0-