Цела аднаго з двух зніклых у Віцебску хлопчыкаў знойдзена ў Заходняй Дзвіне
15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Цела хлопчыка, аднаго з двух зніклых у канцы сакавіка ў Віцебску, сёння знойдзена ў Заходняй Дзвіне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Чыгуначнага РАУС Віцебска Аляксандр Чарняўскі.
"Пры правядзенні планавых пошукавых работ супрацоўнікамі міліцыі сумесна з вадалазамі АСВОД у рацэ Заходняя Дзвіна за некалькі кіламетраў уніз па цячэнні ад месца меркаванага знікнення было выяўлена цела дзіцяці з прыкметамі, якія супадалі з прыкметамі аднаго з двух хлопчыкаў, абвешчаных у вышук 24 сакавіка гэтага года", - распавёў Аляксандр Чарняўскі.
Слядоў гвалтоўнай смерці на целе дзіцяці няма. У цяперашні час ідзе апазнанне цела.
Як адзначыў начальнік РАУС, пошукі дзяцей не спыняліся з моманту, калі бацькі заявілі аб іх знікненні, - з вечара 24 сакавіка. Разглядалася некалькі версій знікнення, адна з якіх меркавала, што хлопчыкі патанулі ў рацэ. Арыенціроўкі на дзяцей былі перададзены ва ўсе РАУС, а таксама кіроўцам прыгарадных аўтобусаў.
Больш за 10 разоў у паветра падымаўся верталёт для абследавання мясцовасці, вяліся планавыя пошукі ў мікрараёне, дзе пражывалі хлопчыкі, у прылеглых да горада вёсках, дачных пасёлках, лясных масівах, у рацэ Заходняя Дзвіна. Супрацоўнікі міліцыі апытвалі магчымых сведак. На першапачатковым этапе да пошуку дзяцей далучыліся валанцёры, якія расклейвалі аб'явы па горадзе і прымалі пасільны ўдзел у прачэсванні мясцовасці.
Як паведамлялася раней, сігнал аб знікненні двух школьнікаў 2002 і 2003 гадоў нараджэння паступіў у Чыгуначны РАУС Віцебска ў восьмай гадзіне вечара 24 сакавіка. Па словах бацькоў, дзеці прыйшлі з гімназіі каля 15 гадзін, пайшлі гуляць і не вярнуліся.
У цяперашні час працягваецца пошук другога дзіцяці.-0-