Тэма тыдня: Беларусь рыхтуецца да правядзення II Еўрапейскіх гульняў

Наша краіна атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. Яны пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Чакаецца, што ў II летніх Еўрапейскіх гульнях возьмуць удзел 4 тыс. атлетаў і 2 тыс. афіцыйных асоб. 7 верасня ў Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне Выканкама НАК Беларусі па пытанні правядзення гэтага міжнароднага спартыўнага форуму.

Кансалідаваць нацыю

Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК, што правядзенне Еўрагульняў кансалідуе нацыю. «Еўрапейскія гульні – важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству», - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Рыгоравіч нагадаў, што Беларусь амаль год таму атрымала ганаравае права прыняць у 2019 годзе гэты спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за гісторыю турніру. «Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі», - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

 Пытанні бяспекі

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях бяспекі: як паказвае міжнародная абстаноўка, сёння гэта адна з ключавых праблем. «Мы не павінны дапусціць і ценю сумневу ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут - не самазаспакойвацца, - сказаў Прэзідэнт. - У нас хапае нядобразычліўцаў, якія паспрабуюць нас у гэтым плане пераканаць. І не дай бог мы дапусцім нешта падобнае, што адбываецца ў Заходняй Еўропе... Галоўнае на гульнях - спартыўныя спаборніцтвы і святочная атмасфера для нашых суграмадзян і асабліва гасцей. Яны павінны, атрымаўшы спрыяльныя ўражанні аб краіне, аб сталіцы, з такімі ўражаннямі і вярнуцца дадому».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрагульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, як прадставіць сябе Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне аб краіне і аб нашым народзе. Таму ў пытанні арганізацыі гэтага найбуйнейшага спартыўнага форуму Старога Свету дробязей няма і быць не можа. Ад сустрэчы на мяжы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да знешняга выгляду гарадоў рэспублікі - усё павінна быць на вышэйшым узроўні.

Прыгожа і душэўна

«Мы павінны нацыю, краіну, дзяржаву вывесці на вышэйшую прыступку развіцця, і гульні павінны падштурхнуць да гэтага. Усё трэба рабіць для людзей. Ніякай помпезнасці. Трэба рабіць прыгожа, - адзначыў беларускі лідар.

- Мы не перасягнем адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і падобнага мерапрыемства ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё. Не хачу сказаць, што ў нас няма такіх грошай. Калі б гэта на карысць было, то знайшлі б. Але гэтага не трэба. Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю народа».

Касаючыся неабходнасці прывядзення ў парадак да гульняў галоўных аб'ектаў і выканання работ па добраўпарадкаванні, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым плане зрабіць трэба адносна няшмат – мы ўтрымліваем у парадку краіну і асабліва Мінск. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўся створаная да гульняў матэрыяльная база застанецца ў Беларусі на дзесяцігоддзі. «Нам нічога не трэба будзе рабіць 10-20 гадоў. Усё гэта застанецца для таго, каб рыхтаваць нашых спартсменаў, зборныя каманды», - дадаў беларускі лідар.

Абвешчаны конкурсы

У ліпені гэтага года ў Мінску быў прадстаўлены лагатып II Еўрапейскіх гульняў. Ідэяй да яго стварэння стаў лозунг «Ідзі за марай». Пра мару распавядае наша нацыянальная легенда – пра цудоўную кветку папараці, якая квітнее ў летнюю ноч на Івана Купалу. І ў таго, хто здолее яе знайсці, збудуцца ўсе жаданні. Так і атлеты з усіх куткоў Еўропы збяруцца ў Мінску ў чэрвені 2019 года, крочачы за сваёй марай, каб здабыць каштоўную ўзнагароду. Афіцыйным дэвізам II Еўрагульняў будзе выказванне «Bright Year, Bright You» («Яркі год, яркі ты»). У скарочаным выглядзе ён будзе пазначацца як BY. Таксама будзе руская варыяцыя лозунга – «Время ярких побед» і беларуская – «Час яскравых перамог».

У Беларусі ідзе актыўная кампанія па распрацоўцы талісмана будучых Еўрагульняў, прыняць удзел у конкурсе можа любы ахвотны. Трэба прапанаваць ідэю талісмана, выяву і імя. Талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану турніру. Таксама абвешчаны конкурс на стварэнне глыбокіх па змесце і сучасных па сродках выразнасці песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў-2019. З падрабязнасцямі правядзення конкурсаў можна азнаёміцца на сайтах міністэрстваў інфармацыі і культуры.

Выкарыстаць шанец

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Еўрапейскіх гульнях 2019 года жыццё не заканчваецца, наперадзе шмат буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. «Гульні - гэта шанец не толькі ўскалыхнуць краіну, народную гаспадарку, але і якасна прасунуцца ў тэхналогіях, адукацыі і кампетэнцыях нашых спецыялістаў. Усё, што мы зробім, усё, чаму навучымся, спатрэбіцца нам і, галоўнае, нашым дзецям», - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Думкі

Выканаючы абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч: «Павінен сказаць, мы зрабілі выдатны выбар. Не толькі таму, што Беларусь выдатна выступіла ў Баку ў 2015 годзе, дзе заваявала больш за 40 узнагарод, але ваша краіна таксама мае добрую інфраструктуру, у чым члены ЕАК ужо паспелі не раз пераканацца. Акрамя таго, беларусы моцныя спартыўнымі традыцыямі, у Мінску ведаюць і ўмеюць арганізоўваць буйныя падзеі. У 2014 годзе тут адбыўся чэмпіянат свету па хакеі, і гэты экзамен вы вытрымалі на выдатна».

Вячаслаў Дурноў, першы намеснік міністра спорту і турызму:

«Беларусь заўсёды праводзіць міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы на высокім узроўні і атрымлівае высокія ацэнкі замежных гасцей, што станоўча ўплывае на імідж краіны».

Па матэрыялах БелТА.