Тэматычныя гасцінічныя нумары з'явяцца ў Віцебску да "Славянскага базару"
Да XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў абласным цэнтры з'явяцца тэматычныя нумары, прысвечаныя краінам і кантынентам, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прадпрыемства "Віцебсктурыст" Людміла Сенькоўская.
Частка аднаго з паверхаў гасцініцы "Ветразь" афармляецца ў тэматыцы "Вецер вандраванняў". Цяпер ідзе праца над нумарамі, прысвечанымі Афрыцы, Францыі і Шатландыі. Госці Віцебска змогуць атрымаць асалоду ад траў Праванса, прымерыць на сябе шатландскі альбо афрыканскі стыль. Па словах Людмілы Сенькоўскай, нумары будуць незвычайнымі, яркімі і нават у чымсьці эпатажнымі.
Усяго такім чынам плануецца аформіць 14 нумароў на 5-м паверсе. Самыя вялікія апартаменты будуць у беларускім стылі, з'явяцца нумары, прысвечаныя Японіі, Індыі, Амерыцы, Грэцыі, Расіі і інш. Дарэчы, адно крыло гэтага паверха ўжо аформлена ў стылі "Замкі Беларусі" - госці Віцебска могуць "пажыць" у Гальшанскім, Нясвіжскім, Крэўскім, Смальянскім, Ружанскім, Косаўскім і Мірскім замках.
Першымі дызайн новых нумароў ацэняць госці "Славянскага базару".
Алена Ціханава