Тэматычныя кірмашы вакансій пачалі праводзіць у Віцебску

У Віцебску для жадаючых знайсці працу ў пэўнай сферы пачалі праводзіць тэматычныя кірмашы вакансій, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама Марына Будкевіч.

"Мы праводзім пастаянны аналіз і, калі бачым наяўнасць вялікай колькасці вакансій у якой-небудзь галіне, арганізуем кірмашы з пэўнымі прадпрыемствамі. У горадзе ўжо прайшлі сустрэчы суіскальнікаў з арганізацыямі будаўнічай сферы, гандлю, транспарту і лёгкай прамысловасці. У залежнасці ад попыту будзем планаваць аналагічныя мерапрыемствы і ў далейшым", - адзначыла Марына Будкевіч.

На думку спецыяліста, на тэматычных кірмашах людзі больш сканцэнтраваны на выбары прафесіі, ды і працадаўцы могуць больш увагі надаць суіскальнікам. "У будучыні, магчыма, пачнем практыкаваць кропкавыя дні адкрытых дзвярэй на адным прадпрыемстве, каб эфектыўнасць працаўладкавання была вышэй", - дадала яна.

БЕЛТА.