Тэмп росту вытворчасьці прамысловай прадукцыі ў Віцебскай вобласьці за 9 месяцаў складзе 111%
30 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэмп росту аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў Віцебскай вобласці за дзевяць месяцаў бягучага года, па папярэдніх даных, складзе 111% да студзеня-верасня 2008 года. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў расійскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як чакаецца, аб'ём вытворчасці спажывецкіх тавараў узрос на 6%, тавараабарот - на 3%. Аб'ём інвестыцый перавысіў леташні паказчык за студзень-верасень на 18%. У вобласці ўведзена ў строй 354 тыс. кв. м жылля.
У эканоміцы рэгіёну занята 564 тыс. працаздольнага насельніцтва, да канца бягучага года гэты паказчык узрасце да 570 тыс. чалавек.
Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, такіх вынікаў ва ўмовах эканамічнага крызісу ўдалося дасягнуць дзякуючы таму, што ў рэспубліцы вызначаны дакладныя прыярытэты ў развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы. Рэалізуюцца праграмы адраджэння і развіцця сяла, малых гарадоў, інвестыцыйная і інавацыйная праграмы. А адной з асноватворных прафесар медыцыны Аляксандр Косінец лічыць праграму дэмаграфічнай бяспекі. Шмат у чым дзякуючы ёй удалося знізіць смяротнасць, павысіць нараджальнасць, што стане залогам далейшага эканамічнага росту, перакананы ён.
Каля 90 расійскіх журналістаў - прадстаўнікоў рэгіянальных і федэральных СМІ прыбылі ў Віцебскую вобласць і знаёмяцца з рэгіёнам. Сёння яны пабывалі ў акцыянерным таварыстве "Рудакова" і на яго прыкладзе пазнаёміліся з развіццём АПК рэспублікі, убачылі славутасці Віцебска. На працягу заўтрашняга дня расіяне наведаюць гістарычныя мясціны Полацка і пабываюць у ААТ "Нафтан". -0-