Тэмпы нарыхтоўкі кармоў у гаспадарках Віцебскай вобласці перавышаюць на 15% узровень мінулага года
7 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тэмпы нарыхтоўкі кармоў першага ўкосу ў гаспадарках Віцебскай вобласці перавышаюць на 15% узровень 2009 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Паводле даных на раніцу 7 чэрвеня, гаспадаркамі вобласці ўбрана шматгадовых траў першага ўкосу на плошчы больш за 52 тыс. га, што складае каля 20% да плана. Найбольш актыўна работу вядуць сельгаспрадпрыемствы Аршанскага раёна, дзе скашана каля 40% плошчаў, а таксама Дубровенскага (32%), Докшыцкага і Браслаўскага (па 25%) раёнаў.
Усяго па вобласці нарыхтавана больш за 63 тыс. т кармавых адзінак, або 1,4 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Карманарыхтоўшчыкі з улікам умоў надвор'я асноўны акцэнт робяць на нарыхтоўцы сенажу і сіласу, ужо нарыхтавана 215 тыс. т сенажу (13% да задання) і 13,7 тыс. т сіласу (каля 1%).
У вобласці трэба ў бягучым годзе нарыхтаваць травяных кармоў у аб'ёме не менш за 1 млн 250 тыс. т кармавых адзінак, што на 10% перавышае паказчык мінулага года. Так, нарыхтоўка сіласу плануецца на ўзроўні не менш за 2,2 млн т, сенажу - 2 млн т. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка неабходна нарыхтаваць не менш за 26 ц кармавых адзінак, што дазволіць у аптымальных умовах правесці зімовы стойлавы перыяд і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў па росце асноўных відаў жывёлагадоўчай прадукцыі.-0-