Цеплаход "Віцебск" з Пінска адправіўся ў плаванне па аўтадарогах да Віцебска
6 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Са стапеляў Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода сёння прама на аўтамабільны цягач сышоў пасажырскі цеплаход "Віцебск", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Пінскі ордэна "Знак Пашаны" суднабудаўніча-суднарамонтны завод".
З дапамогай дамкратаў і спецыяльных прыстасаванняў амаль 4 гадзіны судна грузілі і мацавалі на аўтамабілі. Больш за 600 км трэба будзе праплысці 45-тоннаму цеплаходу па аўтадарогах, перш чым ён урачыста будзе спушчаны на воды Заходняй Дзвіны ў Віцебску. Распрацоўваючы маршрут руху, перавозчыку давялося ўлічваць, што габарытная вышыня судна складае 5,7 м, даўжыня - 25,5 м, шырыня - 5,5 м, таму рухацца па знаёмай аўтааматарам трасе цеплаход не будзе. Як мяркуецца, дарога зойме не менш за два дні.
Пасажырскі цеплаход "Віцебск" - трэці па ліку, выраблены ў Пінску з 2006 года, але першы праекта 95100. Яго адрозненнем ад двух папярэдніх з'яўляецца меншая вышыня асадкі – яна складае 0,55 м. Цеплаход прызначаны для плавання на малых і дробных рэках і ставіцца да класа лёгкіх.
У Віцебску судна будзе курсіраваць як турыстычнае па Заходняй Дзвіне ў гарадской рысе. Адначасова на борце могуць знаходзіцца 50 пасажыраў. Размяшчацца яны будуць на носе і карме. На цеплаходзе будзе працаваць бар.-0-