Цеплаход «Віцебск» адкрыў сезон водных шпацыраў па Заходняй Дзвіне
14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне з 14 мая зноў могуць атрымаць асалоду ад прыемных водных шпацыраў па Заходняй Дзвіне: цеплаход "Віцебск" адкрыў новы суднаходны сезон, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама Дзяніс Глуткін.
Налюбавацца на краявіды горада з воднай роўнядзі можна, здзейсніўшы экскурсію працягласцю 5 км ад плошчы Перамогі да парка імя Савецкай Арміі і назад. Першымі права пракаціцца на беласнежным прыгажуне атрымалі навучэнцы сярэдняй школы №2 абласнога цэнтра. Баль на караблі адсвяткуюць сёння і віцебскія маладыжкі, якія зафрахтавалі судна.
У бліжэйшы час графік рэйсаў цеплахода будзе размешчаны на сайце Віцебскага гарвыканкама і ў мясцовых друкаваных СМІ. Курсіраваць судна будзе штодня з 10.00 да 20.00. Кошт шпацыру складзе Br10 тыс.
Як чакаецца, ужо ў чэрвені цеплаход "Віцебск" набудзе пару. "Да пачатку ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў горад плануецца даставіць такое ж па класе судна", - дадаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў, адзначыўшы, што гэта абумоўлена велізарнай папулярнасцю водных шпацыраў як сярод гараджан, так і сярод гасцей горада, праяўленай летась.-0-