Тэрапеўтычнае аддзяленне Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрылася пасля рамонту

Святлі кабінеты і палаты з зручнай мэбляй, прадумана размешчаныя свяцільні, акуратныя санітарныя пакоі, невялікая, але ўтульная сталовая — хоць атмасфера наваселля там яшчэ адчуваецца, аднак усё ўжо актыўна выкарыстоўваецца для таго, каб аднаўляць здароўе жыхароў Шуміліншчыны, якія апынуліся на бальнічных койках. Разлічана адрамантаванае тэрапеўтычнае аддзяленне на 47 месцаў, з іх 15 неўралагічных. У сярэднім за год тут пралячваецца каля 1,5 тыс. пацыентаў.

Як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, як бы ні змяняліся эканамічныя ўмовы, для ўлады будаўніцтва і рэканструкцыя аб'ектаў сацыяльнага прызначэння былі і застаюцца сярод прыярытэтных задач. Так што адкрыццё адрамантаванага аддзялення Шумілінскай ЦРБ, па сутнасці, з'яўляецца толькі чарговым, далёка не фінальным этапам маштабнай дзейнасці, накіраванай на пераўтварэнне медыцынскіх устаноў у гарадах і раёнах. Вынікам дадзенай працы становіцца стварэнне камфортных умоў для пацыентаў і медперсаналу.

Асабліва Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што кардынальнае абнаўленне стала магчымым толькі дзякуючы аб'яднанню намаганняў усіх зацікаўленых бакоў.

— Ёсць

у беларускай мове ёсць добрае слова «талака». Гэта тэрапеўтычнае аддзяленне — як раз прыклад таго, калі талакой на працягу 2015 года прывялі ў парадак памяшканне плошчай больш за 600 кв. м, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама. — Усе, хто мог, падставілі плячо.

Сапраўды, у добрую справу ўнеслі свой уклад многія прадпрыемствы і арганізацыі, а таксама мясцовае насельніцтва. 880 млн рублёў паступіла з абласнога бюджэту, частка грошай была зароблена дзякуючы пазабюджэтнай дзейнасці бальніцы. Новую сантэхніку набылі за спонсарскія сродкі шумілінскіх прадпрымальнікаў, паведаміла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы Таццяна Цімашэнка. Больш за 8 млн рублёў на мяккі інвентар (коўдры, пасцельную бялізну) выдзеліла абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Усяго на рамонт, набыццё мэблі і неабходнага інвентару выдаткавалі 1 млрд 881 млн рублёў. Пачынаць у 2013 годзе давялося з абнаўлення даху. Затым у 2014-м прадпрыемства «Вітмедбуд» узялося за ўнутраныя работы. Устаноўкай вокнаў і дзвярэй займалася мясцовая шумілінская кампанія. Зрабіць давялося нямала, але вынік варты затрачаных намаганняў.

— Сённяшняя падзея працягвае чараду стваральных пераўтварэнняў у рэгіёне, — адзначыў падчас адкрыцця аддзялення старшыня Шумілінскага райвыканкама Аляксандр Снароў. —Штогод не менш за 18% расходнай часткі раённага бюджэту ідзе на ўтрыманне і развіццё

аховы. На працягу шэрагу гадоў на ўдасканаленне яго інфраструктуры накіроўваліся сур'ёзныя інвестыцыі. На капітальны і бягучы рамонт, набыццё новага абсталявання Шумілінскай ЦРБ было асвоена 8,2 млрд рублёў, у тым ліку 5,8 млрд з раённага і 2,4 — з абласнога бюджэту.

Такая палітыка, характэрная не толькі для рэгіёну, але і для краіны ў цэлым, прыносіць свае плады. Сведчаннем таму служаць дэмаграфічныя паказчыкі, пра якія нагадаў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Юрый Дзеркач. Нават у Віцебскай вобласці, дзе асабліва шмат пажылога насельніцтва і ў шэрагу раёнаў налічваецца 7-8% асоб старэйшыя за 80 гадоў, адзначаецца зніжэнне смяротнасці і павышэнне нараджальнасці.

— Стан здароўя і якасць жыцця насельніцтва паляпшаюцца, — заўважыў Юрый Мікалаевіч. —А калі працаздольнае насельніцтва менш хварэе, яно мае магчымасць ствараць пэўны прадукт, развіваць эканоміку і рабіць наша жыццё больш спакойным і ўстойлівым.

Лія Іўчанка, фота аўтара. «Віцебскія весці».