Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прыступілі да працы

Территориальные избиркомы приступили к работе

Прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў занялі больш за дзве траціны месцаў у абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 27-га склікання. Рашэнне па фарміраванні аблвыбаркама прынята 26 снежня на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, падчас якога таксама ўнесены карэкцівы ў фарміраванне выбарчых акруг па выбарах у аблсавет.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец асабліва адзначыў важнасць і значнасць маючых адбыцца выбараў, якія пройдуць у год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і падрыхтоўкі святкавання 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Менавіта таму неабходна правесці выбарчую кампанію на самым высокім арганізацыйным узроўні, галосна і дэмакратычна», — паставіў задачу кіраўнік вобласці.

Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева, важным этапам стартаваўшай кампаніі з'яўляецца фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія фактычна арганізуюць правядзенне выбараў і кантралююць выкананне заканадаўства. У склад аблвыбаркама было вылучана 17 чалавек, звесткі пра якіх былі размешчаны на афіцыйным сайце аблвыканкама. У ходзе карпатлівай працы былі вывучаны персанальныя якасці прэтэндэнтаў, у тым ліку ўлічвалі іх удзел у выбарчых кампаніях, іншых палітычных мерапрыемствах, актыўнасць жыццёвай пазіцыі. У выніку на зацвярджэнне былі прапанаваны 13 кандыдатаў. «Гэта найбольш працаздольныя грамадзяне, якія могуць працаваць у камандзе і забяспечыць дзейнасць аблвыбаркама ў адпаведнасці з заканадаўствам», — падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў, адзначыўшы, што сярод іх няма дзяржаўных служачых.

У склад абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 9 чалавек, якія прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні, у тым ліку чатыры члены палітычных партый (ЛДП, КПБ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»), а таксама адзін прадстаўнік працоўнага калектыву і трое, вылучаных грамадзянамі шляхам збору подпісаў. Першае арганізацыйнае пасяджэнне аблвыбаркама запланавана на 27 снежня.

Не менш важным арганізацыйным пытаннем пасяджэння стала карэкціроўка акруг па выбарах у абласны Савет дэпутатаў. Гэтыя змены выкліканы дэмаграфічнай сітуацыяй і прызваны забяспечыць роўнае прадстаўніцтва інтарэсаў выбаршчыкаў у гэтым органе мясцовага самакіравання. Усяго на выбарах у аблсавет сфарміравана 60 акруг з сярэдняй колькасцю 14783 выбаршчыка, адхіленне ад якога, як правіла, не перавышае 10%. Як паведаміў начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Севярын, прапановы па акругах выпрацаваны з улікам некаторых геаграфічных асаблівасцей размяшчэння адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Дзве акругі сфарміраваны з перавышэннем дапушчальнага адхілення ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў — гэта Дубровенская акруга (тут найменшая колькасць выбаршчыкаў (адхіленне мінус 16,59%) і Кіраўская акруга ў Віцебску (самая вялікая па колькасці выбаршчыкаў (адхіленне плюс 13,27%). Па адной акрузе сфарміравана на тэрыторыі Дубровенскага, Шаркаўшчынскага раёнаў, па дзве — на тэрыторыі Глыбоцкага, Пастаўскага і Чашніцкага раёнаў. Тэрыторыі іншых сельскіх раёнаў удзельнічаюць у фарміраванні дзвюх акруг, за выключэннем Віцебскага раёна (тут Акцябрскі сельсавет уваходзіць у межы Лёзненскай выбарчай акругі, а Шапечынскі сельсавет — Сенненскай акругі) і Докшыцкага (Бегамльскі сельсавет уключаны ў межы Бараўскай акругі, а Беразінскі і Тумілавіцкі сельсаветы — Ушацкай акругі). Бігосаўская акруга сфарміравана з прылеглых тэрыторый Браслаўскага, Верхнядзвінскага і Мёрскага раёнаў.

У параўнанні з выбарамі ў мясцовыя Саветы 2010 года агульная колькасць выбаршчыкаў на Віцебшчыне зменшылася больш чым на 8 тыс. чалавек, у той жа час у абласным цэнтры — павялічылася амаль на 5 тысяч і склала (па дадзеных на 2012 год) 256325 выбаршчыкаў. У сувязі з гэтымі тэндэнцыямі ў Віцебску сфарміравана 16 выбарчых акруг (раней было 15). Новая акруга — Білеўская — утворана ў межах аднайменнага жылога мікрараёна, пры гэтым не будзе сфарміравана Пальмінская акруга, якая аб'ядноўвала тэрыторыі Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў. У абласным цэнтры практычна ўсе выбарчыя акругі ўтвораны ў межах раёнаў горада, за выключэннем Праўдзінскай, у склад якой увайшлі левабярэжная частка Чыгуначнай і частка Кастрычніцкай раёнаў. Усяго ў Першамайскім раёне ўтворана 8 акруг, Чыгуначным — 2, Кастрычніцкім — 6.

На тэрыторыі Аршанскага раёна сфарміравана 8 выбарчых акруг, у тым ліку 6 непасрэдна ў межах райцэнтра і Барані. У Полацкім раёне ўтворана 5 акруг, з іх 4 у горадзе, а ў Наваполацку будзе 5 акруг па выбарах у аблсавет.

Нагадаем, што падчас выбараў 23 сакавіка выбаршчыкам на Віцебшчыне трэба будзе сфарміраваць абласны, 21 раённы, 5 гарадскіх Саветаў у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, 197 сельскіх і пасялковых Саветаў.

Сяргей Кочетов, "Віцебскія весці"