Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці адкрыюць свае сувенірныя крамы
Крамы сувенірных вырабаў, зробленых інвалідамі, з'явяцца пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка.
Крамы сувенірных вырабаў, зробленых інвалідамі, з'явяцца пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка.
Дадзенае новаўвядзенне будзе ўкараняцца паўсюдна па прыкладзе Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ён стаў першай у рэгіёне ўстановай, дзе ў сакавіку 2014 года адкрыўся ўласны гандлёвы аб'ект для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай інвалідамі і кіраўнікамі гурткоў. Ініцыятыва накіравана на ўдасканаленне сацыяльнай адаптацыі і працоўнай тэрапіі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
У адведзеным памяшканні выстаўлены сувенірныя тавары: вырабы з прыродных матэрыялаў, скуры, бісеру, керамікі, швейныя і вышываныя вырабы, у тым ліку з сімволікай Наваполацка. Грошы ад рэалізацыі прадукцыі паступаюць у пазабюджэтны фонд і выкарыстоўваюцца пры закупцы матэрыялаў для творчых майстэрняў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. "Мы робім толькі першыя крокі, спрабуем рэкламаваць сябе праз сайт гарвыканкама, рыхтуем буклеты цэнтра. Заробленыя ў 2014 годзе сумы былі зусім невялікія, таму што і цэны на вырабы невысокія. Але важна не гэта. З'яўленне крамы ў нашых хлопцаў, якіх у аддзяленні сёння 32, дало большы стымул тварыць. Бо адно справа - ствараць і потым складаць сваю працу ў скрынку, а зусім іншая - прадаваць яе і бачыць, што твае працы не марныя. Сувеніры ў нас купляюць у падарунак і жыхары, і госці Наваполацка. Таму што гэтыя рэчы зроблены асаблівымі людзьмі з цеплынёй іх сэрцаў. Мы так і пазначаем на прыкладзенай да тавару этыкетцы", - дадала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Цішкевіч.
Для набыцця вырабу, створанага рукамі падапечных цэнтра, неабходна аформіць заказ праз загадчыка аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. У будучыні, адзначыла Святлана Цішкевіч, магчыма стварэнне працоўнага месца прадаўца для інваліда з мэтай адаптацыі. Дарэчы, падобны вопыт ужо маецца ў Бешанковіцкім раёне. Там пры тэрытарыяльным цэнтры працуе ўласны магазін рытуальных тавараў, пад які райвыканкам выдзеліў асобны будынак і месца прадаўца.
"Адкрываючы ўласныя гандлёвыя аб'екты ў тэрытарыяльных цэнтрах, мы забяспечваем не толькі занятасць інвалідаў, але і ствараем умовы, у якіх яны адчуваюць большую незалежнасць і ўцягнутасць у грамадска карысную дзейнасць. Прыклад Наваполацка гэта даказаў", - заключыла Вера Астапенка.
Кацярына Князева