Тэрыторыя Віцебскай вобласці павялічыцца на 1160 га
Як паведаміў начальнік упраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Ігар Левенкоў, у 2015 годзе па даручэнні ўрада было завершана стварэнне зямельна-інфармацыйнай сістэмы (ЗІС) ва ўсіх раёнах краіны. Такім чынам, упершыню ў гісторыі Беларусі створана лічбавая планова-картографiчная аснова. Аналіз вынікаў ЗІС паказаў, што атрыманыя даныя адрозніваюцца ад зямельна-ўліковых. Адна з прычын – неадпаведнасць размяшчэння фактычных і юрыдычных межаў, захаваных на тапаграфічных картах ранейшых гадоў і ў матэрыялах рэгістрацыі раёнаў і сельсаветаў. Недакладнасці ў размяшчэнні межаў назапашваліся апошнія 50 гадоў з прычыны правядзення меліярацыі, дарожнага будаўніцтва, прыродных і іншых фактараў.
Па выніках выкананых работ межы Віцебскай вобласці і раёнаў сумяшчаюцца з доўгатэрміновымі і апазнавальнымі аб'ектамі: дарогамі, рэкамі, каналамі. Аформленыя «Віцебскгіпраземам» матэрыялы ўзгоднены з райвыканкамамі, Магілёўскім, Мінскім і Гродзенскім аблвыканкамамі.
Нармалізацыі падверглася 30% межаў раёнаў. Найбольшае ўбыццё – у Лёзненскім (1900 га), прыбаўка – у Віцебскім (1358 га).
Усе змены ўзгоднены і зацверджаны мясцовымі органамі ўлады. Адпаведнае рашэнне абласнога Савета дэпутатаў накіравана ў Саўмін для падрыхтоўкі нарматыўнага акта, які прадставяць на разгляд кіраўніка дзяржавы.
Аблсавет таксама зацвердзіў рашэнне аб перадачы з Тулаўскага ў Бабініцкі сельсавет Віцебскага раёна часткі тэрыторыі. Як адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, гэта выклікана калектыўным зваротам жыхароў пасёлка Віцьба. Людзі прасілі перадаць у Бабініцкі сельсавет мясцовыя могілкі, каб аператыўней вырашаць рытуальныя пытанні і падтрымліваць парадак.