Тэст паказаў: у Віцебскай вобласці штосутачна робяць да 1,5 тысячы тэстаў на COVID-19

У лабараторыі вірусалагічных даследаванняў Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя праца ідзе кругласутачна. Гэта адно з найбуйнейшых даследчых падраздзяленняў рэгіёна. Загадчыца лабараторным аддзелам Аляксандра Бібава распавядае:

– У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй дзейнасць лабараторыі аптымізавана. Падраздзяленне перапрафілявана. Да мінімуму скарочаны іншыя, не тэрміновыя даследаванні. Асноўныя сілы сёння накіраваны на выяўленне Ковід-19. Арганізавана трохзменная праца. У кожнай змене – два фельчары і ўрач. Днямі прыбудзе яшчэ адзін спецыяліст. Штодня мы праводзім да 600 тэстаў. У залежнасці ад вытворцы і рэагентаў, якія ўваходзяць у набор, на аналіз патрабуецца ад 3 да 5 гадзін.

Галоўны санітарны ўрач вобласці Уладзімір Сінкевіч называе лічбы:

– У Віцебскай вобласці ў цэлым маецца 6 лабараторый, аснашчаных сучасным абсталяваннем для правядзення малекулярна-генетычных даследаванняў. Штодня тут праводзяць да 1500 тэстаў. У лабараторнай дыягностыцы каранавіруса задзейнічаны не толькі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, але і цэнтра дэрматовенералогіі, абласнога радзільнага дома, інфекцыйнай бальніцы, клінікі ВДМУ і перапрафіляваны аддзел вірусалогіі абласной ветлабараторыі. Вялікая частка персаналу працуе кругласутачна. Дадаткова мы вырашаем пытанні пашырэння магутнасцей, павелічэння прапускной здольнасці лабараторый – з'явіцца яшчэ адно падраздзяленне ў Наваполацку.

 

Цяпер на змену кітайскім і расійскім тэст-сістэмам, распавядае Уладзімір Аляксеевіч, прыйшлі айчынныя, у тым ліку – якія вырабляюцца ў Віцебску. З імі і працуюць у цяперашні час лабаранты. Беларускія тэст-сістэмы ўжо добра сябе зарэкамендавалі, адрозніваюцца якасцю, паказваюць высокую дакладнасць.

– Кадраў лабарантаў у нас хапіла для працы ва ўмовах узрослай нагрузкі. Праўда, для дапамогі спецыялістам, вядзення справаводства і стварэння базы дадзеных, мы прыцягнулі работнікаў з іншых падраздзяленняў, – адзначае Уладзімір Сінкевіч. – Задача – максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожную хвіліну працы фельчара-лабаранта і ўрача, не адцягваць іх непасрэдна ад лабараторнай дыягностыкі…

 

 

Галоўны санітарны ўрач асобна падкрэслівае: трэба памятаць, што тэсты выконваюцца не «па жаданні», а строга па прызначэнні ўрача, які кіруецца клінічнымі і эпідэміялагічнымі паказаннямі. Рабіць тэст «на ўсялякі выпадак» ніякай неабходнасці няма. Гэта ўжо неаднаразова падкрэслівалася раней. Такая інфармацыя нічога не дасць пацыенту, акрамя лішняй нервовай напругі і страчанага часу. А вось калі ёсць клінічныя праявы вострай рэспіраторнай інфекцыі, былі кантакты з хворымі людзьмі – урач і сам прызначыць правядзенне тэсту.

– Бо сёння мы шукаем антыген-узбуджальнік, – тлумачыць Уладзімір Аляксеевіч. – Яго можа не быць зараз, але праз гадзіну ён з'явіцца, калі чалавек раптам будзе інфікаваны. Так што тэсты – не панацэя і не ісціна апошняй інстанцыі. Гэта ўсяго толькі адзін з кампанентаў ацэнкі стану здароўя чалавека. Дыягназ ставіцца на аснове клінічных праяў і розных (а не аднаго) лабараторных даследаванняў. Нават калі тэст адмоўны, сімптаматыка можа ўказваць менавіта на гэта захворванне. У бліжэйшы час мы чакаем паступлення экспрэс-тэстаў на антыцелы, якія таксама будуць выкарыстоўвацца ў комплекснай дыягностыцы. Гэтая інфармацыя дапаможа медыкам.

 

У Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя яшчэ раз звяртаюць увагу на неабходнасць строгага захавання правіл сацыяльнага дыстанцыявання:

– Чалавек ужо за два дні да з'яўлення першых сімптомаў каранавіруса можа стаць небяспечным для навакольных, – нагадвае Уладзімір Сінкевіч. – Таму строга выконвайце рэкамендацыі ўрачоў, не наведвайце без вострай неабходнасці месцы з масавым знаходжаннем людзей, устрымайцеся ад лішніх паездак. Тады не спатрэбяцца і тэсты, якія на сённяшні дзень, падкрэслю, з'яўляюцца не шараговым аналізам, а высокатэхналагічным метадам даследавання. Такія даследаванні няма неабходнасці ставіць на паток.

"СБ".