«Тэхніка нікога яшчэ не падвяла»: у Пастаўскім раёне набірае абароты сяўба яравых культур

Нашмат раней за папярэднія гады пачалі сяўбу яравых культур сёлета аграрыі Пастаўшчыны.

У канцы сакавіка практычна ва ўсіх гаспадарках на палях працавала тэхніка – механізатары аралі, культывавалі, уносілі ўгнаенні, клалі ў глебу насенне ранніх культур. Работы набіралі тэмп, прырастаючы аб’ёмам штодня на 5 – 7 %. Хлебаробы разлічвалі, што яшчэ тыдзень – і пасяўную збожжавых і зернебабовых завершаць. Добры зачын быў ужо зроблены ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле-агра», «Янавіца-агра», «Дунілавічы-агра», дзе ў дзень засявалі па 50 – 60 га. І перадавікі былі з гэтых гаспадарак. На вынікі лепшых сеяльшчыкаў Юрыя Татарчука, Андрэя Урублеўскага, Юрыя Усовіча, Паўла Болта, Валерыя Глазкова, Аляксандра Кабайлы і Андрэя Насевіча раўняліся механізатары іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Там, дзе не хапала сваіх сіл, працаваў мехатрад аграпрамысловага аб’яднання. Каля 30 механізатараў малоказавода падставілі плячо да зямляробаў гаспадарак, якія ўваходзяць у АПА.

Дзякуючы агульным намаганням на 4 красавіка ў раённай зводцы значылася практычна палова засеяных плошчаў. Заставалася крыху больш за 2 тысячы га планавых і 500 га азімага рапсу, якія давядзецца адсеяць. Больш за ўсё ад непагадзі пацярпела культура ў «Кураполле-агра», але і ў іншых гаспадарках ёсць загінулыя палі. Насенне для іх адсеву раён мае. Справа – за добрае надвор’е.

Дарэчы, ААТ «Навасёлкі-Лучай» да дажджоў і снегу паспела пасеяць да паўсотні га яравога рапсу. Патрабавалася яшчэ 3 – 4 дні, і гэтая праца была б завершана.

 Адзін з найбольш вопытных механізатараў гаспадаркі Юрый Татарчук адзначыў, што ўмовы для правядзення пасяўной кампаніі ў аптымальныя тэрміны створаны: хапае паліва, пісьменная арганізацыя працы, паўнавартаснае харчаванне.

– Тэхніка нікога яшчэ не падвяла, – падкрэсліў аграрый. – У мяне новая сеялка, якая дазваляе адразу засяваць паласу шырынёй у 12 метраў. Толькі ёю адной магу засеяць палову плошчаў яравога кліну.

Тое, што непагадзь на некаторы час прытармазіла набраны тэмп работ, хлебаробаў засмуціла. Аднак некалькі дзён дажджу і снегу, лічаць яны, не паўплываюць на тэрміны сяўбы. Семі лягуць у сазрэлую глебу, прасякнутую вільгаццю, і дадуць дружныя ўсходы.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"