"Тэхніка сувязі" прыступіла да серыйнай вытворчасці імпартазамяшчальных лічбавых тэлеперадатчыкаў
23 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Тэхніка сувязі" прыступіла да серыйнай вытворчасці імпартазамяшчальных перадатчыкаў для лічбавага тэлевяшчання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар таварыства Вячаслаў Клундук.
Новая прадукцыя была асвоена на прадпрыемстве ў адпаведнасці з дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмай "Стварэнне сучасных сродкаў і сістэм радыёсувязі і развіццё іх вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2007-2010 гады". Пасля правядзення доследных выпрабаванняў Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр (БРТПЦ) заключыў з прадпрыемствам дагавор на закупку 14 лічбавых перадатчыкаў. Па словах Вячаслава Клундука, першыя шэсць прылад будуць пастаўлены ў чэрвені бягучага года.
Па тэхнічных характарыстыках лічбавыя перадатчыкі, распрацаваныя беларускімі інжынерамі, не саступаюць аналагічным прыладам замежных вытворцаў, а па цане на $5-7 тыс. таннейшыя.
Асваенне серыйнай вытворчасці лічбавых перадатчыкаў - адзін з васьмі праектаў, якія рэалізоўваліся ў ААТ "Тэхніка сувязі" па дзяржпраграме. У цяперашні час у серыю ўжо запушчаны комплекс сродкаў радыёсувязі "Сірыус" для сегмента лічбавай транкінгавай сістэмы радыёсувязі і ваенныя радыёстанцыі. Астатнія праекты таксама завершаны і рыхтуюцца да серыйнага запуску.
Як адзначыў Вячаслаў Клундук, уся прадукцыя, распрацаваная і асвоеная на прадпрыемстве сумесна з вядучымі распрацоўшчыкамі сістэм сувязі Беларусі, з'яўляецца імпартазамяшчальнай, а тэндэнцыі ў развіцці лічбавага вяшчання дазваляюць прагназаваць попыт на яе за мяжой.
ААТ "Тэхніка сувязі" (былое ААТ "Лёс") уваходзіць у холдынг "Сістэмы сувязі", з'яўляецца прадпрыемствам абароннага сектара эканомікі, спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі перадаючай апаратуры для радыётэлефоннай сувязі, камплектуючых вырабаў, запасных частак і прыбораў да яе.-0-