Тэхналагічнае перааснашчэнне Віцебскай біяфабрыкі завершыцца ў 2009 годзе
3 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская біяфабрыка завяршае тэхналагічнае абнаўленне вытворчасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебская біяфабрыка" Аркадзь Юдасін.
Тэхнічнае пераўзбраенне і пашырэнне Віцебскай біяфабрыкі праводзіцца ў рамках дзяржаўнай праграмы развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў і інструментаў, якія выкарыстоўваюцца ў ветэрынарыі. У адпаведнасці з ёй прадугледжвалася завяршэнне будаўніцтва галоўнага вытворчага корпуса прадпрыемства агульнай плошчай 18,7 тыс. кв.м і аснашчэнне новых вытворчых плошчаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем, якое адпавядае патрабаванням GMP - Good Manufacturing Praktice (правільная вытворчая практыка).
Першы пускавы комплекс біяфабрыкі быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2007 годзе. З пачаткам яго эксплуатацыі на прадпрыемстве быў асвоены выпуск гіпериммунных сываратак, што дазволіла забяспечыць поўнае імпартазамяшчэнне гэтых прэпаратаў.
На дадзеным этапе на прадпрыемстве вядуцца пусканаладачныя работы на другім пускавым комплексе, дзе будуць вырабляцца гатовыя лекавыя формы, бактэрыяльныя вакцыны і інфузійныя растворы для ветэрынарыі. Ужо да канца лістапада 2009 года прадпрыемства плануе пачаць асваенне вытворчых магутнасцей.
Адначасова з пусканаладачнымі работамі працягваюцца работы на трэцім пускавым комплексе. Тут будзе наладжана вытворчасць вірусных вакцын, якія раней у Беларусі не выпускаліся. Імпартазамяшчальныя прэпараты прызначаны для абароны сельскагаспадарчых жывёл і птушкі ад вірусных інфекцый.
Па словах Аркадзя Юдасіна, маштабныя работы па тэхналагічнай рэканструкцыі вытворчасці, пачатыя ў 2006 годзе, завершацца ў 2009-м. Пры выхадзе фабрыкі на праектную магутнасць, пачынаючы з 2011 года, асартымент выпускаемых прэпаратаў перавысіць 90 найменняў, аб'ём вырабленай прадукцыі складзе каля Br40 млрд., з іх амаль палова будуць імпартазамяшчальнымі. Узрасце і экспартны патэнцыял фабрыкі. Як адзначыў дырэктар, па дадзеных за 9 месяцаў бягучага года экспарт прадпрыемства ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрастаў у 1,5 раза. Віцебскія прэпараты купляюць у Азербайджане, Таджыкістане, Украіне, Турцыі. Вядуцца работы па сертыфікацыі некалькіх прэпаратаў у Казахстане.
Віцебская біяфабрыка была заснавана ў 1930 годзе. Спецыялізуецца на выпуску складаных лячэбна-прафілактычных і дыягнастычных прэпаратаў для ветэрынарыі. Па выніках дзевяці месяцаў 2009 года тэмп росту вытворчасці ў супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду 2008-га склаў 119,7%, рэнтабельнасць вытворчасці дасягнула 18%, прыбытак у параўнанні з студзенем-вераснем 2008 года ўзрастаў на 80%. -0-