Тэхналёгія сьпіральнага пляценьня зь Віцебскай вобласьці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасьцю

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і Віцебска атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Спіральнае пляценне – адзін з найбольш старажытных відаў пляцення. Гэтая тэхніка вядомая амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліту. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя тэхніка была шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры з яе дапамогай выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, дываны, заслоны на вокны. "Асноўнымі носьбітамі дадзенай тэхналогіі ў 1980-1990-я гады былі Адам Краўчук з Віцебска, Пётр Карэнік і Міхаіл Чаркас з Браслава. Цікавяцца ёю і сучасныя майстры, многія з якіх займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення", - адзначылі ў цэнтры народнай творчасці.

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца супольнасцю майстроў амаль у нязменным выглядзе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і Віцебску. Для папулярызацыі гэтай тэхналогіі і народных рамёстваў у культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна", Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры таксама дзейнічаюць гурткі па спіральным пляценні для дзяцей і дарослых.

"Гэты элемент нематэрыяльнай спадчыны ярка характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт дадзеных рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Ён каштоўны для мясцовых жыхароў сваім зместам, характарам, адпавядае іх побытавым уяўленням", - падкрэслілі ў цэнтры народнай творчасці.

У Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 13 элементаў Віцебшчыны, якія існуюць і практыкуюцца ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Мёрскім, Полацкім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах і Віцебску.

БЕЛТА.