Тытул "Каралева Вясна" заваявала студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта

Титул "Королева Весна" завоевала студентка Витебского технологического университета

Тытул "Каралева Вясна - 2015" атрымала студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Святлана Гарбачова, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У творчы свет Святлана прыйшла яшчэ са школьнай парты, дзе ўдзельнічала ў розных творчых і спартыўных спаборніцтвах. З ранніх гадоў дзяўчына ў складзе дэлегацыі суправаджала ўрачыстыя мерапрыемствы ў родным горадзе. Па словах Святланы, у БРСМ яна прыйшла, каб рэалізаваць сябе. Саюз моладзі надаў дзяўчыне ўпэўненасці, дапамог развіць лідарскія якасці.

Першай віцэ-міс конкурсу стала студэнтка Саратаўскага сацыяльна-эканамічнага інстытута РЭУ імя Г.В.Пляханава Анастасія Бараннік. Тытул другой віцэ-міс атрымала дзяўчына з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Бялова. Аддаць свой голас за ўпадабаную ўдзельніцу мог кожны ахвотны на сайце brsm.by, а таксама ў групе "Моладзь Беларусі" сацыяльнай сеткі ВКонтакте. Большасцю галасоў Міс Інтэрнэт Сімпатый стала курсант факультэта міліцыі Акадэміі МУС Беларусі Анастасія Пестерева.

Фінал ХХIV Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна - 2015" завяршыўся 3 чэрвеня позна ўвечары. За ганаровы тытул змагаліся 12 студэнтак з Беларусі, Расіі, Латвіі, Кітая, Таджыкістана і Туркменістана. Дзяўчаты прынялі ўдзел у святочным "каралеўскім" шоў, дзе бліснулі грацыяй падчас пастановачных дэфіле ў арыгінальных уборах, прадэманстравалі свой артыстычны талент, эрудыцыю ў творчых і інтэлектуальных конкурсах.

"Каралева Вясна" на працягу больш чым 20 гадоў застаецца адным з самых цікавых і прэстыжных студэнцкіх праектаў міжнароднага фармату. Галоўныя крытэрыі і адметная асаблівасць гэтага спаборніцтва - інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, грацыя, артыстычнае майстэрства і сцэнічная культура, камунікабельнасць удзельніц, уменне мець зносіны з аўдыторыяй, веданне этыкету, пачуццё гумару, удзел у моладзевых праектах і праграмах.

У юбілейны 25-ы раз конкурс "Каралева Вясна-2016" пройдзе ў Расіі.

Арганізатары праекта - грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" і агульнарасійская грамадская арганізацыя "Расійскі саюз моладзі". Сярод заснавальнікаў - Міністэрства адукацыі Беларусі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальная школа прыгажосці.