Тытул «Гаспадар сяла -2018» дастаўся сям’і з Бешанковіцкага раёна
Такія вынікі абласнога этапу праекта. Удзел у творчым спаборніцтве, якое адбылося ў Шаркаўшчыне, прымалі 10 сем'яў.
У тройцы прызёраў – Калупаевы з Лёзненскага раёна і Міцкевічы з Сенненскага.
– Падобныя мерапрыемствы садзейнічаюць павышэнню прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій у моладзевым асяроддзі, прывіваюць патрыятызм, любоў да працы. На дружных, працавітых сем'ях трымаецца краіна, так хай жа іх на Віцебшчыне будзе як мага больш, – адзначыў намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі.
Па словах Юрыя Анатольевіча, кожная сям'я-ўдзельніца ўжо «Гаспадар сяла». Такі тытул ім быў прысвоены як пераможцам раённых этапаў праекта. Таму да конкурснай бітвы прыступілі наймацнейшыя.
«Гаспадар сяла», які праводзіцца адзінаццаты год запар, зарадзіўся ў Глыбоцкім раёне. У гэты раз на конкурсе Глыбоччыну прадстаўлялі Валерый і Алеся Сырапятко з аграгарадку Удзела, разам з сынамі Андрэем, Мікалаем і Канстанцінам. Першае месца згуртаваная сям'я заняла ў конкурсе «Па дровы», прадэманстраваўшы спрыт і ўменне з паўслова разумець адзін аднаго.
Здзівілі членаў журы і гледачоў Віктар і Віталія Карабень з аграгарадка Іванск Чашніцкага раёна, пад'ехаўшы да святочнай сцэны на самаробным трактары. На думку гаспадыні, якая ў вольныя вечары захапляецца вырабам каркасных лялек і бісерапляценнем, у яе мужа па-сапраўднаму залатыя рукі, свой першы трактар ён абмяняў на добрую іншамарку.
У некалькіх конкурсах сям'я Карабень упэўнена займала другое месца, а вось у прыгатаванні дранікаў на палаючай калодзе ім не знайшлося роўных. Духмяную страву Віктар гатаваў па ўласным рэцэпце, нацёршы бульбу ў роўных прапорцыях на буйной і дробнай тарцы, дадаўшы трохі смятаны і цыбулі. А вось саліць не стаў, аддаўшы перавагу прыправам.
Іншыя ўдзельнікі праекта прапаноўвалі паспрабаваць дранікі з падсмажаным сакавітым перцам, салам або лустачкамі курынай грудкі. Акрамя смятаны, да румянай стравы падавалі аджыку, часначны соус і нават ягадны кісель.
«Вітаем па-беларуску»
Для ўдзелу ў абласным этапе маладыя супругі Мікалай і Інна Хацкевіч прывезлі з Бешанковіцкага раёна аб'ёмныя дэкарацыі, стылізаваныя пад бярвёны сцены вясковай хаты, прадметы сельскага побыту. А бліскуча выступіўшы, гатовыя былі нават пакінуць у Шаркаўшчыне, толькі б хапіла месца ў машыне для галоўнага прыза – цяляці вагой каля 50 кг. Праўда, прыбягаць да крайніх мер не давялося.
Тытул «Уладар сяла» – гэта прэстыж і гонар дружнай сям’і з вёскі Будзілава. Для віцябчанкі Інны, якая з’яўляецца і апорай, і натхненнем для любімага мужа, жыццё ў сельскай мясцовасці ў радасць. Пра прыгажосць родных мясцін, пра сям’ю Мікалай і Інна выканалі песню ў рамках конкурсу «Вітаем па-беларуску».
Абодва трымаліся на сцэне вельмі ўпэўнена, хоць, па словах 24-гадовага Мікалая, менавіта выступленне на сцэне для яго аказалася самым хвалюючым момантам. Па прафесіі ён механік. Некаторы час працаваў на сельгаспрадпрыемстве, а цяпер усе сілы аддае ўласнай гаспадарцы, дапамагае апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі аднавяскоўцам.
– У нас каля 3 га зямлі, вырошчваем бычкоў, курэй, гусей, індыкоў, – кажа Мікалай. – Дзеці, хоць і маленькія, дапамагаюць, кормяць трусоў, перапёлак. Вырошчваем бульбу, капусту, збожжа, садавіну. У вёсцы жывём шэсць гадоў. З Іннай мы пазнаёміліся ў школьнай секцыі па баскетболе. І тыя трапяткія пачуцці не згаслі з гадамі, наадварот, наша сям’я дружнейшыя з кожным днём.
Сям’я заняла першае месца ў конкурсе «Вітаем па-беларуску». Найлепшым быў прызнаны відэаролік, які распавядае пра іх сельскае падвор’е. Перамаглі яны і на выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі. Дарэчы, маладая гаспадыня прыгатавала нямала духмяных страў, ганаровае месца сярод якіх занялі пернікавыя арэлі – міні-копія тых, што ўсталяваў муж недалёка ад дома.
Таксама Хацкевічы, саступіўшы Аляксандру і Алене Міцкевічам з Сенненскага раёна, занялі другое месца ў «Спартыўнай эстафеце», адным з этапаў якой быў «бульбяны хакей».