Толькі школы Віцебскага раёна застаюцца зачыненымі з-за грыпу і ОРВІ

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі школы Віцебскага раёна застаюцца зачыненымі на каранцін з-за грыпу і ОРВІ, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Па стане на 19 сакавіка ўрокі адменены ў 28 школах у Віцебскім раёне. Па прычыне захворвання на грып, ОРВІ і адсутнасці ва ўстановах адукацыі больш за 30% навучэнцаў з пачатку эпідэмічнага росту захворвання на гэтыя інфекцыі навучальны працэс прыпыняўся ў 403 школах. Супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы па прафілактыцы грыпу і ОРВІ яшчэ вядуцца ў 9 гарадах Беларусі - Бабруйску, Мінску, Барысаве, Салігорску, Наваполацку, Баранавічах, Магілёве, Віцебску, Оршы і 22 раёнах. У 18 кантрольных гарадах рэспублікі за тыдзень, з 9 па 14 сакавіка, зарэгістравана 84 584 выпадкі захворвання на грып і ОРВІ, што на 1,4% вышэй у параўнанні з папярэднім тыднем і на 42,3% вышэй за аналагічны перыяд 2008 года. Усяго за перыяд эпідэміялагічнага назірання з 6 кастрычніка 2008 года ў кантрольных гарадах рэспублікі захварэлі на грып і ОРВІ 1 млн. 308 тыс. 351 чалавек, што на 5,5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Удзельная вага хворых дзяцей за ўвесь перыяд назірання склала 60,4%. Гаспіталізавана 1,3% тых, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу, сярод якіх 81,7% - дзеці да 17 гадоў. У этыялагічнай структуры захворвання на грып і ОРВІ прэвалююць адэнавірусы (49,2%) і змешаныя формы (20,3%).-0-