Талачын ператворыцца да абласнога свята "Дажынкі-2015"

Рамонт або рэканструкцыя 95 аб'ектаў будзе праведзена ў Талачыне (Віцебская вобласць) падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі".

Цяпер горад уяўляе сабой адну вялікую будаўнічую пляцоўку: вядзецца добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц, сквера, плошчы, дваравых тэрыторый, рамонт жылога сектара і аб'ектаў гарадской інфраструктуры. У выканкаме падкрэсліваюць, што такіх маштабных будаўнічых работ у Талачыне не праводзілася даўно. У Талачынскім райвыканкаме адзначылі, што за апошнія 30 гадоў у горадзе ў асноўным праводзіліся бягучыя рамонты, больш значны аб'ём работ быў выкананы толькі ў 2001 годзе, калі адзначалася 1000-годдзе Друцка - аднаго з найстаражытнейшых паселішчаў хрысціян на тэрыторыі Старажытнай Русі.

"Натуральна, што абласныя "Дажынкі" ў 2015 годзе нададуць Талачыну новы штуршок, новы рух у развіцці. Горад пераўтворыцца, папрыгажэе - стане больш камфортным для пражывання і цікавым для турыстаў. А гэта ў сваю чаргу дапаможа зарабляць дадатковыя грошы", - выказалі надзею ў выканкаме.

Алена Ціханава, БелТА.