Талачынскія садоўнікі абяцаюць жыхарам Віцебскай вобласці працягнуць Яблычны Спас да сакавіка

19 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Талачынскі кансервавы завод абяцае жыхарам Віцебскай вобласці працягнуць Яблычны Спас да сакавіка, забяспечваючы мясцовы гандаль яблыкамі з уласнага саду, расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Анюхоўскі. Нягледзячы на тое, што талачынскі сад яшчэ не ўступіў у стадыю прамысловага пладанашэння, ураджай не самага спрыяльнага для садаводаў сёлетняга года прагназуецца на ўзроўні мінулага - каля 500 т. Дзякуючы сучаснаму пладасховішчу, дзе выкарыстоўваецца тэхналогія рэгулюемага газавага асяроддзя, ураджай яблыкаў агульнай вагой да 2,4 тыс.т, не губляючы сваіх спажывецкіх уласцівасцей, можа захоўвацца да новага ўраджаю. Новыя метады працы талачынскія садаводы асвойвалі сумесна з навукоўцамі НАН Беларусі. На будаўніцтва аб'екта ў адпаведнасці з дзяржпраграмай развіцця пладаводства на 2006-2010 гады было накіравана каля Br10 млрд. Як адзначыў Анатоль Анюхоўскі, упершыню талачынскія яблыкі паступілі ў гандлёвую сетку вобласці летась і карысталіся вялікім попытам. Па смакавых якасцях яны не саступалі імпартнай прадукцыі, былі экалагічна чыстымі, а па цане - таннейшымі за польскія і галандскія яблыкі. Сёлета зацікаўленасць у талачынскіх яблыках выказала не толькі айчынны гандаль, але і расійскія прадаўцы пладаагародніннай прадукцыі. Сад пры кансервавым заводзе быў закладзены ў 2005 годзе. Яго плошча складае больш за 500 га, у бліжэйшыя гады будзе павялічана да 650 га. Акрамя яблынь тут высаджаны чырвоная і чорная парэчка, агрэст, аранія. У развіццё пладаводства прадпрыемства інвеставала каля Br18 млрд., уключаючы закладку саду, будаўніцтва сховішча і закупку спецыяльнай тэхнікі.-0-