Талачынскі кансервавы завод 1 кастрычніка ўвядзе ў эксплуатацыю фруктасховішча на 2,4 тыс. т
23 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП) "Талачынскі кансервавы завод" 1 кастрычніка ўвядзе ў эксплуатацыю фруктасховішча на 2,4 тыс.т, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Анюхоўскі.
Аб'ект коштам больш за Br9 млрд. уключае два сховішчы па 1,2 тыс.т, аснашчаныя сучасным абсталяваннем. Захоўвацца тут будуць фрукты ўласнай вытворчасці. Ужо сёлета плануецца закласці 1 тыс.т яблыкаў і груш.
Вялікія сельскагаспадарчыя ўгоддзі прадпрыемства патрабуюць пастаяннай увагі да пытання захаванасці ўраджаю. "Запуск фруктасховішча часова вырашыць праблему са салодкімі пладамі", - адзначыў кіраўнік, растлумачыўшы, што пакуль сад плошчай 494 га не ўступіў у фазу актыўнага пладанашэння, аб'ёму новага сховішча будзе дастаткова, але праз два-тры гады ўвесь ураджай сюды ўжо можа і не змясціцца.
Вастрэй стаіць пытанне са сховішчам бульбы, якая вырошчваецца на 500 га. Ураджайнасць культуры склала сёлета 257 ц/га, а валавы збор - 6 тыс. т. З іх 2,6 тыс.т ужо рэалізавана насельніцтву і індывідуальным прадпрымальнікам. Частка ўраджаю застанецца для ўласных патрэб завода, які выкарыстоўвае бульбу ў якасці сыравіны для вытворчасці макаронных вырабаў і крухмалу. Спецыялісты прадпрыемства ўжо прыступілі да распрацоўкі праекта па ўзвядзенні бульбасховішча на 12 тыс.т. Пабудаваць і ўвесці ў строй аб'ект коштам Br24 млрд. плануецца ў 2010 годзе.
У студзені-жніўня бягучага года Талачынскі кансервавы завод выпусціў прадукцыі на Br22,9 млрд., што на 11,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 9,3%. Агульны аб'ём інвестыцый у развіццё вытворчасці - Br7 млрд. Паказчык па энергазберажэнні дасягнуў мінус 11%.
Завод з'яўляецца бюджэтаўтваральным прадпрыемствам Талачынскага раёна. Спецыялізуецца на вытворчасці пладовых і вінаградных він, бульбянога крухмалу, макаронных вырабаў. Крухмал экспартуецца ў Расію. Агульная колькасць работнікаў - 450 чалавек.-0-