Талачынскі кансервавы завод накіруе Br30 млрд. на будаўніцтва цэха па разліве сокаў

3 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУП "Талачынскі кансервавы завод" накіруе Br30 млрд. на будаўніцтва цэха па разліве сокаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Анюхоўскі.

Праект па арганізацыі разліву і пастэрызацыі сокаў прадпрыемства мае намер рэалізаваць у 2011-2012 гадах. Праектна-каштарысная дакументацыя па ім у цяперашні час ужо праходзіць экспертызу. Прыступіць да ўзвядзення новага аб'екта плануецца восенню. Мяркуецца, што магутнасці цэха складуць 4 т у гадзіну. "Аднак фактычны аб'ём выпуску прадукцыі будзе рэгулявацца рынкавым попытам", - адзначыў кіраўнік.

Асартымент сокаў парадуе спажыўцоў разнастайнасцю. Частка сыравіны для іх вытворчасці будзе выгадаваная самім прадпрыемствам: чыстая плошча пладова-ягадных угоддзяў завода складае 550 га (агульная - 650 га). Тут растуць маліны, чорная і чырвоная парэчка, агрэст, чорнаплодная рабіна, вішні, яблыні і грушы. Сыравіну для выпуску сокаў з трапічных фруктаў прадпрыемства мае намер закупляць.

Значным праектам для Талачынскага кансервавага завода з'яўляецца будаўніцтва бульбасховішча для захоўвання 12 тыс.т бульбы навалам. Яго ўвод у эксплуатацыю дазволіць прадпрыемству цалкам забяспечыць захаванасць ураджаю бульбы. Адкрыць аб'ект плануецца ў гэтым месяцы.

Планах завода на бліжэйшыя гады прадугледжваюць тэхнічнае пераўзбраенне крухмальнага цэха і будаўніцтва цэха па замарозцы, ахаладжэнні, фасоўцы і ўпакоўцы ягад, агародніны, бульбы і грыбоў.

За першае паўгоддзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br12,3 млрд., што складае 116,4% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў склала 13,6%, паказчык па энергазберажэнні - мінус 10%. На экспарт у Расію пастаўлены крухмал і зброджана-спіртаваны сок на $451 тыс., што амаль у тры разы перавышае паказчык студзеня-чэрвеня 2010 года.

Талачынскі кансервавы завод з'яўляецца бюджэтафармуючым прадпрыемствам раёна. Спецыялізуецца на вытворчасці пладовых і вінаградных він, бульбянога крухмалу, макаронных вырабаў, вырошчванні сельгаскультур. Агульная колькасць работнікаў - каля 450 чалавек. У склад уласнай сыравіннай базы прадпрыемства ўваходзіць больш за 4,5 тыс.га угоддзяў.-0-