Талачынскі раён становіцца ўсё больш цікавым для буйных гандлёвых сетак
Па словах намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі, прадпрымальніцтва, гандлю і бытавога абслугоўвання Віктара Альхімовіча, гэта звязана ў тым ліку з тым, што ў выніку працэдуры банкруцтва Талачынскага райпо з'явіліся вольныя гандлёвыя плошчы. Але ўзводзяцца і новыя гандлёвыя аб'екты. Адзін з іх – ГЦ «Крыніца» агульнай плошчай тысяча квадратных метраў, які будуе ў цэнтры Талачына прыватнае прадпрыемства з Крупскага раёна Мінскай вобласці. А неўзабаве будзе закладзены падмурак новага магазіна пад гандлёвай маркай «Санта Брэмар».
Такім чынам, у мясцовых пакупнікоў з'явіцца больш шырокі выбар, а ў раёна – новыя працоўныя месцы і папаўненне бюджэту за кошт падатковых уліванняў. Як адзначаюць у райвыканкаме, цікавасць з боку інвестараў паказвае, што бізнес-клімат у рэгіёне становіцца ўсё больш прывабным.