Тонкасці часовай працы і ідэі па самаразвіцці. Што яшчэ абмеркавалі віцебскія студэнты на сустрэчы з прадстаўнікамі БРСМ?

Тонкасці часовай працоўнай занятасці, перспектывы кар'ернага росту, у тым ліку ў сферы палітыкі, ідэі па самаразвіцці і асобасным росце – такія пытанні часцей за ўсё ўздымаюць віцебскія студэнты на сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады, БРСМ і спецыялістамі розных абласцей: юрыспрудэнцыі, бізнесу, эканомікі, вытворчасці.

Сустрэчы ў фармаце адкрытага дыялогу як нельга лепш падыходзяць для шчырай размовы аб узнікаючых праблемах. Для студэнтаў гэта шанец выказацца і быць пачутымі. І маладыя людзі заўсёды карыстаюцца такой магчымасцю. За першы навучальны месяц Віцебскі гаркам БРСМ правёў ужо некалькі падобных мерапрыемстваў. У выніку вызначыліся асноўныя напрамкі, па якіх будзе працаваць у тым ліку і мясцовая ўлада. Такія сустрэчы дазваляюць даведацца пра патрэбы сучаснай моладзі, даць штуршок да ўвасаблення іх ініцыятыў.

Паколькі на адкрыты дыялог выходзяць студэнты ўсіх ВНУ, маладыя спецыялісты многіх прадпрыемстваў і арганізацый абласнога цэнтра, у актыву БРСМ і спецыялістаў ёсць магчымасць даведацца пра жыццёвыя прыярытэты і патрэбы ў разрэзе ўсяго пласта моладзі. У Віцебску з 87 тысяч чалавек ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў каля 20 тыс. – студэнты. Гэта значная частка насельніцтва, якая да таго ж з'яўляецца патэнцыйнай працоўнай сілай грамадства.

На нядаўняй сустрэчы ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны студэнтаў з актывам абласнога і гарадскога БРСМ, рэктарам акадэміі, кіраўніком гарадскога дэпутацкага корпуса Уладзімірам Белевічам чырвонай ніткай праходзіла тэма працаўладкавання. Паводле заканадаўства студэнты-медыкі не могуць падпрацоўваць ва ўстановах аховы здароўя, хоць тыя зацікаўлены ў такім узаемадзеянні. Рэктар ВГАВМ Мікалай Гаўрычэнка прывёў прыклад другаснай занятасці студэнтаў, які практыкуецца ў іх ВНУ: тыя ў вольны час працуюць у якасці работнікаў па доглядзе за жывёламі. Гэта адначасова і магчымасць замацаваць тэорыю, і папоўніць свой бюджэт.

Сёння моладзь не хоча стаяць убаку ад інтарэсаў грамадства і жадае актыўна прымаць удзел у станаўленні свайго і будучыні ўсёй краіны. Глабальныя пытанні інтэграцыі і ўзаемадзеяння на сусветнай арэне ім не чужыя, а таму многія маладыя людзі хочуць апынуцца ў шэрагах дзяржаўных дзеячаў. Гэта ўзгадняецца і з маладзёнавай палітыкай Беларусі: падрыхтаваць годную змену, здольную вырашаць лёс нашай рэспублікі, у тым ліку і на міжнародным узроўні. І пачынаецца ўсё, лічыць першы сакратар Віцебскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Красакова, з патрыятызму. Прычым ён праяўляецца не ў словах, а ў учынках.

– Патрыятызм – гэта не марш з флагам на плошчах па святах, гэта тыя добрыя і шчырыя справы, якія мы здзяйсняем штодня, – пераканана першы сакратар гаркама БРСМ. – Пабалець за любімую айчынную спартыўную каманду, вывучыцца на першакласнага спецыяліста, які прынясе карысць краіне, дапамагчы тым, хто з розных прычын апынуўся ў цяжкім становішчы, абараніць бяздомную жывёлу ад хуліганаў. З гэтых крупінак складаецца вялікая любоў да краіны, у якой жывеш.

Паколькі вопыт сустрэч і ўзаемадзеяння з моладдзю назапасіўся ўжо вялікі, можна гаварыць і пра дасягненні ў гэтай сферы. Маштабны праект «100 ідэй для Беларусі», розныя рэспубліканскія конкурсы, акцыі, у якіх пакаленне next можа праявіць таленты, рэалізаваць творчыя і навуковыя ідэі, – гэта не проста праверка здольнасцей маладых людзей, а платформа для самарэалізацыі, крок на шляху да дасягнення мэты.

"Віцебскія весці".