Тонны журавін і тысячы жураўлёў: у Міёрах прайшоў унікальны фестываль

Мёршчына – унікальнае месца. І гэта не дзеля чырвонага слоўца. Бо ў раёне буйное верхавое балота, адно з самых вялікіх у Еўропе. Тут падчас восеньскай міграцыі спыняецца на адпачынак звыш чатырох тысяч шэрых журавоў. А яшчэ на балоце расце смакатворная і незвычайна карысная ягада – журавіны. Паспявае яна таксама ў верасні. Як раз тады, калі прылятаюць журавы. Менавіта таму ў верасні ў невялікі, але ўтульны гарадок Мёры з'язджаюцца госці з усёй краіны на экалагічны фестываль. 


Трымаюць шлях яны на экалагічную сцежку, пабудаваную ў заказніку "Ельня", на загарадныя аглядныя пляцоўкі, дзе ў бінокль або (калі пашанцуе) без яго можна паназіраць за журавамі. Таксама госці спяшаюцца на Мёрскі паўвостраў, які схаваўся за доўгай набярэжнай мясцовага возера.

Тут гулянні, песні, танцы, на самабытных падворках гаспадары частуюць гасцей рознай смакатой. На паўвостраве прадаюцца журавіны – іх так шмат і яны падобныя на рубінавую рассып. Мёрчанка Вячаслава Войтовіч прапануе літр карыснай ягады за пяць рублёў, а на свята прывезла каля 30 літраў.

- І гэта толькі пачатак, бо сезон збору толькі стартаваў, - удакладняе Вячаслава. - Я і сама люблю гэту ягаду, нарыхтоўваю ўпрок. Замарожваю, а потым раблю кісель, морс. Смакацце!

Ірына і Сяргей Дзяменцьевы таксама прывезлі каля 30 кілаграмаў рубінавай ягады:

- Дома яшчэ вядзеры сем! Столькі ж прадалі. Збіралі ўтраіх, разам з сынам. У выніку адчутнае папаўненне да сямейнага бюджэту.


Мёрчанка Аксана Маскаленка прыгатавала на фестываль больш за 500 размаляваных пернікаў з матывамі роднага краю. Яе ініцыятыву па выпечцы ў раёне падтрымалі фінансава, дзяўчына працягвае радаваць эксклюзіўнымі вырабамі.
Брэнд Мёрскага раёна прыдумалі мясцовыя ўлады. І трапілі з ім дакладна ў кропку. Турысты на велізарных аўтобусах дэлегацыяпрыязджаюць у Міёры, каб убачыць журавоў, насыціцца журавінамі і ў цэлым атрымаць асалоду ад каларыту свята.

- Нас, педагогаў і школьнікаў, з Полацкага раёна прывезлі два заказныя аўтобусы, у кожным па 40 чалавек. Уяўляеце ажыятаж! Прыкупілі сабе журавін, захопленыя святам, - дзеліцца ўражаннямі дырэктар 10-й школы Ларыса Суханава.

Фестываль трывала ўвайшоў у жыццё раёна і праходзіць ужо 11-ы раз, адзначае старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драбо:

- Журавіны на Міёршчыне ёсць стагоддзямі. Для кагосьці яна стала бізнэсам, для іншых - аддушына, калі яе збор - даніна традыцыі. Няхай гэтая ягада ў харчаванні выкарыстоўваецца не так масава, але заўсёды ёсць у нас у запасе. А падворкі - рэальнае адлюстраванне каларыту і побыту розных куткоў раёна. У іх калектыўная праца культработнікаў, аграрыяў, педагогаў і прадстаўнікоў іншых сфер. Сельскія выканкамы ў гэтай справе сталі каардынатарамі. Свята ўпершыню сумяшчаецца з раённымі Дажынками. Спалучэнне атрымалася годнае і ўдалае!


Клуб нацыянальнай кухні "Цвецінскія прысмакі" Завуццеўскага сельскага савета прыгатаваў для гасцей экалагічнага фестывалю стравы з мясцовым каларытам. Гэта клёцкі з душамі, наліснікі, дранікі, хварост, печанае мяса і рыба. Нажарыстыя парасяты цалкам разлегліся на велізарных стравах - так што ахнуць нават самыя дасведчаныя гурманы.

- У клубе стараемся захаваць старадаўнія рэцэпты, - акцэнтуе ўвагу галоўная гаспадыня, кіраўнік клуба нацыянальнай кухні Зінаіда Кадушка. - За аўтэнтычнасцю ў Цвеціна прыязджае тэлебачанне, буйныя СМІ. Здзівім, накормім і навучым гатаваць кожнага!

Шмат дзяцей на свяце. Яны прыйшлі з бацькамі і сябрамі, фатаграфуюцца з роставымі фігурамі журава і журавінкі. Выхаванец сярэдняй школы №3 імя Ягора Томка Андрэй Пішчулёнак толькі што выйграў прыз у забаўляльным конкурсе:

- Бываю тут кожны год, вельмі падабаецца. Розныя пачастункі, конкурсы, музыка, нацыянальныя вырабы майстров. Мы вучылі ў школе, што ў нашым раёне вялізнае верхавое балота, а на ім спыняюцца тысячы прыгажуноў-журавоў. Бачыў іх, ганаруся мясцовымі славутасцямі!


На фестывалі падведзены вынікі прафсаюзнага конкурсу па зборы журавін сярод працоўных калектываў. Узнагароджаны перадавікі ўборачнай страды, лепшыя гаспадары па добраўпарадкаванні, а таксама з культурнай праграмай выступілі ансамблі песні і музыкі Віцебшчыны. Каб ведалі журавы, якое свята арганізуюць у Міёрах у іх гонар!



"СБ"