Гандаль, транспарт і ЖКГ: якія пытанні ўзнімаліся на прыёме Анатоля Ліневіча ў Паставах
Грамадскія і асабістыя праблемы цесна перапляліся і ў большасці зваротаў пастаўчан. Жыхарка аднаго з дамоў у райцэнтры, дзе летась прайшоў капітальны рамонт, не лічыла яго завершаным, паколькі засталіся недаробкі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Цікавілася таксама дадатковымі зборамі плацяжоў з жыльцоў кааператыўных дамоў. На ўсе свае пытанні адказ атрымала адразу ж. У прыватнасці, тратуар каля дома будзе пакладзены сёлета, а не ў наступным годзе, як планавалася раней. Але з размовы з ёй стала зразумела, што некаторыя ўласнікі кватэр у жыллёва-будаўнічых кааператывах недастаткова асведамленыя пра многія пытанні камунальнага абслугоўвання жылля. Анатоль Ліневіч рэкамендаваў праводзіць са старшынямі таварыстваў сустрэчы, дзе тлумачыць палажэнні дзеючай сістэмы абслугоўвання дамоў і дваровых тэрыторый.
З нараканнямі на арганізацыю пасажырскіх перавозак звярнуліся начальнік пастаўскага ўчастка АТП №16 і ўладальнік прыватнай транспартнай арганізацыі. Абодва прадставілі дакументы, якія пацвярджаюць нечыстаплотнасць канкурэнта, які збірае пасажыраў, рухаючыся наперадзе рэйсавых аўтобусаў, здзяйсняе пастаянныя перавозкі, прыкрываючыся разавымі заказамі, і г.д. За гэта пазбаўляўся ліцэнзіі, але, карыстаючыся лазейкамі ў заканадаўстве, зноў аднавіў дзейнасць. Звярнуўшыяся прасілі ўзмацніць кантроль транспартнай інспекцыі за выкананнем правілаў перавозкі пасажыраў.
Закранулі ў Паставах і тэму гандлю. Закрыццё крам у маленькіх вёсках па прычыне іх стратнасці пагоршыла якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Аўталаўка не можа замяніць стацыянарны гандлёвы аб'ект, сказала памочніку Прэзідэнта жыхарка вёскі Ёдаўцы. Некалькі дзясяткаў вяскоўцаў, а летам яшчэ і дачнікі, просяць спажывецкае таварыства аднавіць працу крамы, не пашкадаваць сродкаў на рамонт будынка, а каб гандаль не быў стратным, клапаціцца аб насычэнні таварамі, бачыць перспектыву, а не жыць сітуацыяй сённяшняга дня.
Анатоль Ліневіч падтрымаў гэты пасыл, параіўшы кіраўнікам раёна і спажыўкааперацыі прыслухацца да просьбы вяскоўцаў. «Калі мы хочам развіваць сяло, думаць аб больш раўнамерным рассяленні людзей, то павінны ў першую чаргу клапаціцца аб якасці іх жыцця, нават калі на пачатковым этапе гэта і не абяцае прыбытку», – падкрэсліў ён.
У ходзе прыёму былі іншыя звароты. Частка з іх была вырашана ў дзень прыёму. На пытанні, якія патрабавалі больш глыбокага вывучэння, адказы заяўнікам будуць дадзены пазней. Але ні адзін не застанецца без увагі, запэўніў пастаўчан памочнік Прэзідэнта.
Падчас наведвання Пастаў Анатоль Ліневіч сустрэўся таксама з кіраўнікамі розных службаў, якія ўваходзяць у рэзерв кадраў раёна. Наведаў раённую бальніцу, дзе абмеркаваў з галоўным урачом Уладзімірам Чэкавым магчымасці паскарэння будаўніцтва неўралагічнага і хірургічнага аддзяленняў, каб вызваліць памяшканні палаца Тызенгаўза, якія яны зараз займаюць, такім чынам палепшыць умовы лячэння пацыентаў і даць магчымасць паўнавартасна выкарыстоўваць гістарычны будынак для экскурсійнай дзейнасці.